Фрашкі Севярына Квяткоўскага «Мы ідзём на Марш!» у свабодным доступе да пяцігоддзя Беларускай Рэвалюцыі
2025-08-07 22:24
З нагоды пяцігоддзя Беларускай Рэвалюцыі аўтар кнігі Севярын Квяткоўскі дорыць суайчыннікам магчымасць спампаваць свой новы зборнік кароткай прозы «Мы ідзём на Марш!» у фармаце ePub.
Аповесць-фрашка «Мы ідзём на Марш!», якая дала назву кнізе, – гэта творчае падсумаванне першага перыяду жыцця незалежнай Рэспублікі Беларусь. Аўтар мяркуе, што ад 9 жніўня 2020 году пачалася новая эра гісторыі Беларусі.
Слова «фрашка» ў сучасным значэнні — аднагодак незалежнай Беларусі. У 1991 годзе Сяргей Дубавец заснаваў інтэлектуальнае выданне «Наша Ніва» (1991–2000), якое на ідэі беларушчыны ядналася з аднайменнай газетай пачатку ХХ ст.
У рэдацыйнай працы Сяргей Дубавец, сярод іншага, прапанаваў словам «фрашка» называць кароткую літаратурную форму з дыяпазонам — ад замалёўкі да міні-апавядання. Вясёлую ці сумную, але заўсёды іранічную.
«Фрашка» з XVI стагоддзя мела падобнае значэнне — толькі ў вершаванай форме і з ухілам у неабавязковасць: штосьці кшталту драбязы, гарэзлівасці, выбрыкаў.
Севярын Квяткоўскі праз абраны, нібыта выключна лёгкі, фармат фрашак раскрывае рысы эпохі станаўлення новага беларускага грамадства, дзе старая, савецкага ўзору, архаіка сутыкаецца з людзьмі новага мыслення — з новымі беларусамі, якія хочуць больш паветра, больш прасторы і больш беларускасці для сябе.
Севярын Квяткоўскі (нар. 30 сакавіка 1973 года, Менск)
Сам для сябе прыдумаў азначэнне
«медыяпісьменнік»: кожны літаратурны жанр, які выкарыстоўвае аўтар, наўпрост ці ўскосна звязаны з медыямі.
Севярын Квяткоўскі — аўтар кніг
«Фрашкі да пляшкі», кароткая проза (2007),
«Падарунак для Адэлі», навелы (2012),
«Як стаць беларусам», дакументальны праект (2014) і
«Каларадская пушча», сатырычны раман-серыял (2019).
Загалоўная аповесць новых фрашак
«Мы ідзём на Марш!» сатканая з сапраўдных гісторый рэальных людзей, аб’яднаных фізічным і вобразным рухам супраць плыні абыякавасці, неадукаванасці, а часам адкрытай варожасці.
Самотныя нібыта людзі са сваімі ідэаламі ўрэшце сустракаюцца разам у адным бясконцым Маршы радасці і свабоды!
Севярын Квяткоўскі будзе ўдзячны за данаты:
Польшча blik: +48 501090720 з пазнакай
«darowizna»Revolut:
@sieviaivtt
Акцыя абмежаваная па часе — да канца жніўня 2025 года.
Кнігу
«Мы ідзём на Марш!» у папяровым варыянце можна замовіць на
Kamunikat.shop