Гадавіна перамогі Рэчы Паспалітай над Маскоўскай дзяржавай
2020-06-29 16:34
Баранавіцкія актывісты адзначылі 360-ую гадавіну перамогі Рэчы Паспалітай над Маскоўскай дзяржавай пад Палонкай.
З Палонкаўскай бітвы пачаўся фактычна пералом у цяжкай для Рэчы Паспалітай 13-гадовай вайне.
Ушанаванне нашых продкаў-ваяроў стала даўняй традыцыяй у баранавіцкіх актывістаў-патрыётаў, кажа арганізатар паездкі Уладзімір Гундар:
– Вось з гэтай палонкаўскай перамогі фактычна пачаўся пералом па ўсёй вайне. Пачалося вызваленне земляў Вялікага Княства Літоўскага ад маскоўскага захопніка.
Актывісты прыбралі тэрыторыю ля помніка, усклалі кветкі, паставілі прыгожы кошык са стужкамі колеру польскага сцяга і нашага нацыянальнага вялікалітоўскага, бел-чырвона-белага, запалілі знічы, памаліліся, паспявалі песні і пачыталі вершы.
Святочны настрой быў крыху сапсаваны старшынёй Палонкаўскага сельвыканкама, якая пад’ехала на правах гаспадыні да святкуючых і грозна дапытала, хто такія, ці ёсць у іх дазвол на мерапрыемства і прыгразіла выклікаць міліцыю. Кажа ўдзельнік акцыі Юрый Казакевіч:
– Самае страшнае тое, што гэтыя людзі лічаць, што маюць права дыктаваць нам умовы жыцця, дыктаваць нам як сябе паводзіць, каго нам ушаноўваць, каго нам памятаць. Яны, па-сутнасці, як ланцуговыя сабакі існуючага рэжыму. Odtwarzacz muzyki
Паводле баранавіцкай спявачкі Галіны Ярашэвіч, ушанавалі не толькі памяць продкаў-ваяроў, але і тых, хто працягнуў іх справу ў барацьбе за свабоду і волю – баранавіцкага паэта, які памёр нядаўна ў Расеі ад каронавірусу, Яўгена Савельева і былога кіраўніка Баранавіцкага ТБМ, якога ўжо 5 гадоў няма з намі, Віктара Сырыцу.
Беларускае Радыё Рацыя