- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Не буду спрачацца, ідэя належала табе, і я прыняў яе адразу - ты яшчэ не паспела пакінуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзіцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калі ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робіцца летуценным і адстаронена-незнаёмым - толькі крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваім, а - тваёй сястры-блізнючкі, у якой усё такое самае і разам з тым - не. Падобнае ўражанне ўзнікала і тады, як, сцішыўшыся пасля апошніх ласкаў, ты з лёгкім уздрыгам мякка падала ў кароткі сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы. Ідэя была геніяльна простая: калі ўспамінаць нашу кавярню, дык адну яе - без усякіх прадмоў, эпілогаў і розных лірычных адхілаў кшталту першай раніцы, у якую мы прачнуліся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцікласнікі, бо ў астатняе імгненне ты, быццам жнівеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслізнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергіяй, кладак і слоіка са светлякамі, чыё зеленаватае мігценне зусім не здавалася халодным... (фрагмент)