- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Юрка Геніюш (21 кастрычніка 1935, Зэльва Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводства Польскай Рэспублікі, цяпер Гродзенская вобласць — 21 лістапада 1985, Беласток) — беларускі паэт і пісьменнік. Сын Ларысы Геніюш і Янкі Геніюша.
Нарадзіўся ў сям’і студэнта-лекара Янкі Геніюша і будучай паэткі Ларысы Геніюш. Сям’я эмігравала ў Чэхаславакію, у Прагу, дзе вучыўся бацька. Менавіта там прайшло дзяцінства Юркі Геніюша ў атмасферы беларушчыны, якой быў напоўнены эмігранцкі дом бацькоў. Вучыўся ў пачатковай школе пры рускай гімназіі, пасля ў чэшскай гімназіі.
У 1948 годзе бацькоў арыштавалі ў Чэхаславаччыне, каб выдаць саветам, але дванаццацігадовага Юрку ўдалося пераправіць да сваякоў у Польшчу. Бацькі былі рэпрэсаваны, зняволены ў лагерах.
Нярэдка прыязджаў у Зэльву, дзе з 1956 года жылі бацькі пасля скарачэння тэрміну зняволення і вызвалення. Вучыўся ў вячэрняй школе і працаваў ва Уроцлаве, Глівіцах. У 1957 годзе на стала пераехаў на Беласточчыну. Вывучыўся на дзіцячага лекара ў Медычнай акадэміі ў Беластоку. Стаў вядомы як літаратар. Працаваў лекарам у Гарадку, з 1981 года — у Беластоку. Сябраваў з пісьменнікам Сакратам Яновічам.
Як беларускі паэт Геніюш перажываў за будучыню роднага слова. Як і бацькі, увесь час адчуваў пільную ўвагу спецслужбаў, сведкамі чаго былі Уладзімір Арлоў і Міхась Скобла на пахаванні Ларысы Геніюш. На другі дзень па пахаванні маці ў хаце Геніюшаў адбыўся ператрус з удзелам старшыні пасялковага савету і яго памагатых, якіх прыслалі даследаваць архіў паэткі, каб знойдзеныя доказы «антысавеччыны» даставіць спецслужбам. Юрка Геніюш у роспачы тэлефанаваў у Мінск Адаму Мальдзісу, а той — Алесю Адамовічу, які меў сувязі ў ЦК КПБ. У выніку архіў Ларысы Геніюш удалося захаваць. Поўны архіў Ларысы Геніюш захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі, куды яго перадаў Юрка Геніюш у 1983 годзе. Паводле Таццяны Жук, загадчыцы гэтага аддзелу, Юрка Геніюш напісаў своеасаблівы тастамент, паводле якога творчая частка дакументаў 20 гадоў нікому не выдавалася, толькі з дазволу членаў камісіі па літаратурнай спадчыне, а перапіска наогул — 25 гадоў.
20 кастрычніка 1963 года дэбютаваў на старонках «Нівы» (Беласток) апавяданнем «Прыкметы». У 1965 годзе ў альманаху «Белавежа» змясціў кароткую падборку сваёй прозы: «Як знайсці хулігана?», «Ой ты, доля мая», «З апавяданняў старога сабакі Тарзана» і «Як мы арганізаваліся». У 1976 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам быў выдадзены «Зборнік сцэнічных твораў», які стаў першай значнай на творчым шляху кніжкай. У альманаху літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Юрка Геніюш выявіў зусім новыя якасці свайго таленту, менавіта ў паэтычнай прозе, у прысвечаным выпускнікам Бельскага беларускага ліцэя «Смыком па сэрцы», у «Запавеце», «Чорным па белым», «Сейбіце». Апублікаваў у перакладзе на польскую мову зборнік паэтычнай прозы «Спачатку было толькі Слова…» (Беласток 1981). Ужо пасля ягонай смерці выйшлі кнігі «Да свету» — у зборніку «Маці і сын» (Беласток 1992) і «З маёй званіцы» (Беласток 1993). У 2013 Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org выдала ў беластоку зборнік Юркі Геніюша «Смыком па сэрцы», дзе пад адной вокдадкай сабраныя ўсе яго творы.
Памёр 21 лістапада 1985 года ў Беластоку пры нявысветленых абставінах. Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку.
Крыніца: be.wikipedia.org
Юрка Геніюш нарадзіўся 21 кастрычніка 1935 года ў мястэчку Зэльва Ваўкавыскага павета ў сям'і лекара. У той час беларускаму інтэлігенту не было прыстойнага месца ў Айчыне, бацькі Юркі эмігравалі ў Чэхаславакію, у Прагу. Там прамінула яго дзяцінства, у поўнай беларускасці, якой поўніўся эмігранцкі дом... Болей »
Успамінаючы драматычную смерць Юркі (20 лістапада 1985 года), прыходзіць на думку і такая канстатацыя: яго загубіў нядобры час! Будычы па сваёй натуры паэтам, ён балюча перажываў бясслаўную эпоху, прытым нажыўшы сабе ворагаў сярод грубаскурных здаволенцаў і наменклатурных паноў. Як кожны пісьменнік... Болей »
Пад адной вокладкай сабраны творы двух пакаленняў. Геніюш – гэтае прозвішча вядомае кожнаму беларусу. Ларыса Геніюш – ікона беларуска паэзіі, яе сын, Юрка Геніюш, беластоцкі лекар, які таксама пісаў. Зборнік, які носіць назву «Маці і сын», па сутнасці, спалучэнне двух розных па форме, па стылю, па жанры... Болей »
Юрка Геніюш, сын знакамітай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, пайшоў з жыцця заўчасна, пакінуўшы пасля сябе толькі невялічкі зборнічак апавяданняў. Талент пісьменніка не паспеў напоўніцу раскрыцца, але і тых кароткіх твораў дастаткова, каб сцвердзіць, што гэта насамрэч талент, які, дарэчы, абгрунтаваны... Болей »