- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сёлета спаўняецца 590 год Гарадзельскай уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Заключаная ў 1413 г. польскім каралём Уладзіславам Ягайлай і вялікім князем літоўскім Аляксандрам Вітаўтам яна аказала даволі значны ўплыў на фарміраванне шляхецкага саслоўя ВКЛ і яго геральдыку. У сувязі з гэтым, а таксама на тле маўклівага ігнаравання падзеі ў гістарычным навуковым асяроддзі Беларусі, Рэдакцыя вырашыла неяк адзначыць юбілейную дату ў прапанаваным Чытачу чарговым нумары часопіса. У раздзеле “АРТЫКУЛЫ” праблеме ўплыву Гарадзельскіх падзеяў на фарміраванне шляхецкай геральдыкі ВКЛ прысвечана даследаванне Аляксея Шаланды. Дзейнасць лідара ваўкавыскай шляхты ў ХVІІІ ст. Стэфана Алендскага ў рэдкім для беларускай гістарыяграфіі жанры палітычнай біяграфіі разглядае ў сваім артыкуле менскі гісторык Андрэй Мацук. Гісторыю жыхароў мястэчка Крынкі, а таксама дэмаграфічныя працэсы, што ў ім працякалі ў канцы ХVІІІ–пачатку ХХ ст., даследуе адзін са сталых аўтараў нашага выдання гарадзенскі навуковец Віталь Карнялюк. У раздзеле “ПАВЕДАМЛЕННІ” друкуем матэрыялы па шляхецкіх пахаваннях на могілках у вёсцы Пескі Наталлі Сліж і рэестр штэмпеляў пячатак з фондаў Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея (ГДГАМ), які склалі Святлана Палхоўская і Аляксей Шаланда. Згодна з абяцаннем адкрыцця новай рубрыкі “ГЕРАЛЬДЫКА СЁННЯ” ў гэтым нумары “Герольда Litherland” пачынаем публікаваць цыкл артыкулаў, прысвечаных праблемам стварэння новых гербаў для сучасных населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь...