- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нумар 20-ы нашага часопіса супаў з выдатнай падзеяй у беларускай гісторыі – 500-годдзем бітвы пад Воршай у верасні 1514 г. На юбілейную дату варта звярнуць увагу па некалькіх важкіх прычынах. Звесткі пра перамогу войска ВКЛ пад Воршай прысутнічаюць ужо ў першых спробах аднаўлення гістарычнай памяці беларусаў. Нататка пра бітву ўвайшла ў надрукаваныя ў 1855 г. “Гістарычныя звесткі пра найбольш прыкметныя мясціны Беларусі” Міхаіла Без-Карніловіча, а ў выдадзеным у 1857 г. “Аглядзе гісторыі Беларусі са старажытных часоў” Восіп Турчыновіч замацаваў за падзеямі 8 верасня 1514 г. сімвалічны эпітэт “слаўная перамога”. У адпаведнасці з гэтай традыцыяй беларускія гісторыкі ХХ ст. (Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Усевалад Ігнатоўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі) не забываліся нагадваць пра перамогу над маскоўскім войскам, але не рабілі яе выключнай. Бадай, адзіным прыкладам акцэнтаванай мемарыялізацыі гэтай падзеі, трэба лічыць згадку В. Ластоўскага ў “Кароткай гісторыі Беларусі” пра пабудову гетманам ВКЛ князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім у гонар перамогі пад Воршай царквы ў Вільні.