- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Узьбягаючы па прыступках, Сьцяпан падняў галаву і ўбачыў валасатыя ногі Нінэль Міхайлаўны. Начальніца стаяла на лесьвічнай пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі і, мяркуючы па ўсім, некага прабірала. Гадзіньнік паказваў палову адзінаццатай. Каб не сустракацца з начальніцай такім нязручным часам, Сьцяпан зьбег на другі паверх, разгарнуў «Советскую Белоруссию» і, пазіраючы між радкоў, прыслухаўся. -- Пра несуноў матэрыял падрыхтавалі? -- пыталася Нінэль Міхайлаўна пераселым ад курава голасам, і ў адказ ёй пачулася запабежлівае лепятаньне асыстэнткі Барановіч. -- Жук затрымлівае... колькі разоў казала... – лепятала Барановіч, і Сьцяпан, пачуўшы сваё прозьвішча, брыдка вылаяўся. (Міша з прастрэленым вухам, фрагмэнт)