- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Зямляк, не сьпяшайся, прыпыні хаду і адкажы, будзь ласка, на пытаньне— ты любіш вандраваць? Так? Тады прапаную табе падарожжа, але не за край сьвету, а ў самы звычайны горад Утопію. Ты зьдзіўлены—такое бывае толькі ў казках ды снах? Не. Прачытай гэтую кніжку—і ты ўбачыш гэты горад горад, дзе пакуль што жыве ў сэрцах і душах чалавечых фантастычная Ўтопія зь яе назьдзейсьненымі спадзяваньнямі. Яна пануе над чалавекам, ўсмоктваецца ў ягоную кроў, пранікае ў сэрца, зьдзекваецца зь яго, забірае з душы самае каштоўнае, пакідаючы брыдоту. Ты пройдзеш ходзішчамі завулкаў і вуліц. Ты ўбачыш змораных, змучаных, злосных людзей, што выхаваныя ў гэтым горадзе; можа, сустрэнеш знаёмых, можа, у цёмным брудным завулку знойдзеш згубленае некім сумленьне. Удыхні паветра гэтага горада. Не адварочвайся ад малюнкаў, якія ўбачыш, ад лёзунгаў, якія прачытаеш,-- іх рабілі ўтапісты. Дарэчы, вось і яны самі. Якія ў іх тлустыя, задаволеныя твары! Акрамя таго, ты ўбачыш мінуўшчыну гэтага некалі багатага і слаўнага горада, дакладней, пачуеш водгаласьсе яе, што спакваля заціхае ў зруйнаваных сьвятынях, на развалінах-крушнях. Ты ўбачыш гэты горад чорным ды шэрым. Чорным—ад пылу, дыму й каласіру, шэрым—ад твараў людзей.