Іван Гоцманаў: Аўдыёкнігі цяпер прымаем на прэмію Гедройця
2025-08-01 22:27
19 кніг пазмагаюцца сёлета за галоўны прыз Прэміі імя Ежы Гедройця. Імя пераможцы стане вядомым у лістападзе падчас урачыстай цырымоніі.
Пра тое, як ідзе падрыхтоўка да падзеі, Госць Рацыі — каардынатар імпрэзы і творчага кірунку Беларускага ПЭНу Іван Гоцманаў — распавёў журналістцы радыё Марыне Савіцкай.
РР: У чым адметнасці сёлетняй прэміі?
Іван Гоцманаў: Самая галоўная адметнасць і навінка ў гэтай сёлетняй прэміі — мы вырашылі дапусціць да ўдзелу аўдыёкнігі. І такая кніга, дзякуючы выдавецтвам, з’явілася ў поўным спісе. Гэта кніга «Забойства на вуліцы Макаёнка». І адметна, што менавіта аўдыёверсія гэтай кнігі выйшла першай за іншыя версіі. У Audiobooks. by спачатку выйшла аўдыёверсія, а пасля ўжо з’явілася кніжная версія ў выдавецтве Янушкевіча. Дзякуючы выдавецтву Audiobooks. by мы зразумелі, што ёсць попыт на аўдыёкнігі з-за таго, што людзі раскіданыя па свеце і абмінуць гэтыя кнігі ўвагай мы не маглі. І вырашылі, што напэўна гэта час, каб даць магчымасць такім кнігам таксама ўдзельнічаць у галоўнай незалежнай беларускай прэміі.
РР: Але ці было ў думках зрабіць для аўдыёкніг асобны накірунак, каб былі ўсе ў роўнай ступені? Таму што, мне падаецца, складана, каб і аўдыё і друкаваную параўноўваць.
Іван Гоцманаў: Насамрэч няма ў гэтым нейкага моцнага адрознення. Зразумела, калі ты слухаеш кнігу, калі чытаеш кнігу гэта ўсё ж такі крыху розны ўзровень успрыняцця, але, магчыма, трэба яшчэ некалькі гадоў паглядзець на тое, як яны ўспрымаюцца. Альбо паглядзець на досвед журы, наколькі будзе цяжка параўноўваць, і на іх каментары і заўвагі наконт таго, ці патрэбна рабіць асобныя намінацыі для аўдыёкніг і для папяровых кніг. Але дагэтуль існавала ў статуце прэміі пазіцыя, што падаюцца папяровыя альбо электронныя версіі кніг. То бок мы дадалі аўдыёкнігі, афіцыйна падкрэслілі і далі магчымасць гэтым кнігам удзельнічаць у прэміі. Але насамрэч дастаткова новага нічога не з’явілася, я лічу. Паглядзім на досвед працы з аўдыёкнігамі і для журы, і калі ў гэтым будзе патрэба, то, магчыма, з гэтым трэба будзе папрацаваць.
РР: Тут, я думаю, проста трэба ўлічваць, што на ўспрыманне аўдыёкнігі ўздзейнічае і тое, хто і як чытае гэтую кнігу.
Іван Гоцманаў: На гэтае пытанне добры адказ будзе тое, што Audiobooks. by — гэта вельмі добрая каманда і мы ўсе ведаем і чулі гэтыя галасы, напрыклад, цудоўная акторка з цудоўным голасам Крысціна Дробыш. А таксама там галасы знаёмых нам актораў Купалаўскага тэатра. Я думаю, што прафесійны голас у любым выпадку прыемна чуць, таму будзем спадзявацца, што досвед аўдыёкніг, якія будуць удзельнічаць у прэміі, гэта будзе прыемны досвед для тых, хто слухае, у тым ліку для журы, таму што ім таксама трэба будзе слухаць гэтыя кнігі.
Нагадаем, Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая літаратурная. Яна ладзіцца з 2012-га і ўручаецца за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове. Летась Прэмія адбылася ў лістападзе ў Гданьску.
Цалкам размова — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя