- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першы раз гэта здарылася вось тут, на мядзведжай шкуры, якая зараз лашчыць яе босыя ногі. Згадка адгукаецца прыемным скразнячком паміж выпушчаных на волю грудзей i салодкім паколваннем у зацвярдзелых смочках. Мядзведзь быў велізарны: амаль чорная, з бурымі падпалінамі шкура займае ўсю прастору ад алькова да вакна, за якім — толькі высокая пасля апошніх залеваў Дзвіна. Учора рака ўзбунтавалася, за нейкую гадзіну ўзарвала вышэй Полацка наведзены дзеля яе, імператрыцы, мост, i генерал-губернатар распарадзіўся знайсці надзейную шлюпку. Яна бярэ з талеркі чырванабокі яблык, які, колькі сябе памятае, нязменна з'ядае перад сном, i згаладала ўпіваецца ў яго зубамі. Толькі пятая гадзіна, але імператрыца ведае: ужо не засне, бо цела перапоўненае не стомаю, a пенлівай, як шампанскае, лёгкасцю, што хутка вяртае вастрыню i свежасць успрымання. Ужо даўно развіднела, аднак яна чамусьці не спяшаецца тушыць амаль празрыстыя агеньчыкі свечак, быццам ix жывая прысутнасць тут, у спальні, яшчэ дзеля нечага патрэбная. (фрагмент)