«Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча першы раз выйдуць паза межамі Беларусі
2025-11-26 00:17
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся
26 лістапада 1930 года ў Воршы. Гэта адзін з найвыбітнейшых беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя, класік нацыянальнай літаратуры, паэт, празаік, драматург, кінасцэнарыст. Аўтар папулярных гістарычных і прыгодніцкіх твораў, якія адыгралі велізарную ролю ў адраджэнні цікавасці да беларускай гісторыі і культуры. Гэта творчасць Уладзіміра Караткевіча абяднала тых, хто ў пачатку 80-х гадоў ХХ ст. ствараў
«Майстроўню».
Адзначаючы юбілей 95-ці годдзя Уладзіміра Караткевіча, Фонд Kamunikat.org падрыхьаваў у друк самы любімы
твор беларускай літаратуры «Каласы пад сярпом тваім».
«Каласы пад сярпом тваім» гэта глыбокі і па-майстэрску скроены вялікі гістарычны
раман. Але сёння асоба пісьменніка не меней важная для нас
за павароты сюжэта. І калі мы бяром у рукі кнігу — мы хочам чуць голас аўтара
без шоргату цэнзарскага алоўка.
За межамі Беларусі раман па-беларуску выходзіць упершыню. У гэтым
выданні мы не толькі публікуем менавіта той тэкст, за які аўтар змагаўся пры
жыцці, здымаючы праўкі, зробленыя для выдання 1968 года. Асцярожна, кіруючыся
тэксталагічнай эмпатыяй, мы робім некалькі важных кан’ектур і тым вызваляем
голас пісьменніка ад ідэалагічнага ціску. Мы вяртаем асобныя формы словаў, што
ў савецкі час былі непрымальнымі, а цяпер цалкам звыклыя — і аказваецца,
Караткевіч так і пісаў! Мы аднаўляем аўтацэнзурныя скарачэнні: пісаў раман
чалавек смелы, а ў друк аддаваў рацыянальны. Забыліся імёны тых, хто рабіў з
Караткевіча агульнага — і нічыйнага, выкрэсліваючы з тэксту «Беларусь»,
«беларусаў», «Падняпроўе» і «Раку». А словы зноў занялі належнае ім месца на
старонках.
«Каласы пад сярпом тваім» — гэта падарожжа не толькі ў пярэдадзень
паўстання 1863–1864 гадоў, але і ў свет эмоцый чалавека, які можа і не першым
заўважыў несправядлівае замятанне пад хаднік сапраўднай беларускай гісторыі,
але адным з першых пякуча не мог прамаўчаць. Галасы яго герояў, іх лёсы, хай
ідэалізаваныя, не маглі і не мусілі быць іншымі: толькі вяртаючы сваё
напоўніцу, мы можам спадзявацца на гармонію раўнавагі.