- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Як паведамляе ў сваім Telegram-канале Праваабарончы цэнтр «Вясна», Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» — у яго дадалі больш за 30 старонак. Такім чынам у Беларусі «экстрэмісцкімі» прызналі ўжо сотні інтэрнэт-сайтаў.
Сярод дадзеных апошнім часам у спіс «экстрэмісцкіх» старонак ёсць і Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, якая ў гэтым годзе адзначае 25-цігоддзе дзейнасці, а таксама яе сацыяльныя сеткі Facebook, X і Telegram.
«Гэта было непазбежна, — лічыць кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк. — Пасля блакіроўкі нашага сайта міністэрствам прапаганды і дэзінфармацыі ў ліпені 2023 году чыноўнікі рэжыму вырашылі далей змагацца з беларускай літаратурай. Так, менавіта з літаратурай, пра што сведчаць іншыя рэсурсы, якія разам з намі трапілі ў спіс».
Там з’явіліся таксама тры нумары часопіса «Беларусь і свет», кніга Цімаці Снайдэра «Пра свабоду», а таксама «Код адсутнасці» і «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча.
Акрамя гэтага, у «экстрэмісцкі спіс» дадалі сайт «Беларускага нацыянальнага пашпарту», Instagram-старонку кавярні «Карчма ў Вільні», сацсеткі ініцыятывы «Фемгруппа Беларусь» і крамы сувеніраў у Вільні «KROPKA».
«Наш шлях да экстрэмізму скончыўся, — гаворыць з сарказмам Яраслаў Іванюк. І зусім сур’ёзна дадае: — Але наша праца не скончылася. Надалей будзем адлічбоўваць беларускую прэсу, запісваць аўдыякнігі сучасных беларускіх аўтараў, выдаваць папяровыя кнігі і папаўняць рэсурсы Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org».