- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кенійскі францішканін а. Пітэр Табічы, які ў 2019 годзе быў абраны найлепшым настаўнікам у свеце, сустрэўся з Францішкам. Гэта адбылося 8 студзеня ў ватыканскай рэзідэнцыі Святога Айца. Мяне вельмі натхніла вялікая пакора Папы. Падчас сустрэчы ў Доме св. Марты ў Рыме ён сказаў мне: “Маліся за мяне, браце!” Я адказаў: “Маліцеся за нас і за ўсіх настаўнікаў”, – падзяліўся каталіцкі манах у “Твітэры”. 36-гадовы а. Табічы – настаўнік матэматыкі і фізікі ў сельскай школе ў Кеніі. Спачатку ён працаваў у прэстыжнай прыватнай школе, але потым вырашыў вучыць дзяцей з бедных сем’яў. Восем гадоў таму ён стаў францішканінам і пачаў аддаваць 80% свайго заробку на дапамогу тым, хто мае патрэбу. Намаганні законніка дазволілі яго школе стаць найлепшай на нацыянальным міжшкольным конкурсе, а 24 сакавіка 2019 г. ён стаў пераможцам Глабальнай настаўніцкай прэміі (Global Teacher Prize), цырымонія ўручэння якой прайшла ў Дубаі. Пітэр Табічы стаў першым афрыканцам, які атрымаў гэту ўзнагароду. Ён быў абраны журы ў складзе 150 чалавек сярод 10 тыс. кандыдатаў з каля 180 краін свету. “Global Teacher Prize” была заснавана ў 2015 г. бізнэсменам індыйскага паходжання Сані Варкі – фундатарам самай буйной на Блізкім Усходзе сеткі прыватных дзіцячых садкоў і школ. Яго дабрачынны фонд уручае прэмію “найлепшаму настаўніку свету” з 2015 г. Яе пераможца атрымлівае мільён долараў ЗША. Айцец Табічы вырашыў выдаткаваць грошы на абсталяванне для школы і дапамогу.