- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сышоў на пенсію. 3 студзеня 2021 г., у дзень, калі Мітрапаліту МінскаМагілёўскаму споўнілася 75 гадоў, Папа Францішак прыняў яго адстаўку і прызначыў Адміністратара архідыяцэзіі. У афіцыйнай заяве Святога Пасаду гаворыцца: “Святы Айцец прыняў адмову ад пастырскага кіраўніцтва, прадстаўленую Яго Эксцэленцыяй арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам МінскаМагілёўскім, у адпаведнасці з канонам 401 §1 Кодэкса Кананічнага Права, і адначасова прызначыў Апостальскім Адміністратарам sede vacante на згаданую мітрапаліцкую кафедру біскупа Казіміра Велікасельца OP, тытулярнага біскупа Бланды і дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі”. Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Кандрусевіча Мітрапалітам МінскаМагілёўскім 21 верасня 2007 г., перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. З чэрвеня 2015 г. іерарх з’яўляецца Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён стаў першым іерархам Касцёла ў Беларусі пасля часоў камуністычнага пераследу: 25 ліпеня 1989 г. Ян Павел ІІ прызначыў Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскае пасвячэнне, якое прайшло 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме, узначаліў сам Пантыфік.