- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы, Дарагія браты і сёстры! У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл адзначае ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, жадаем асаблівым чынам прывітаць вас у гэтую ўрачыстасць і скіраваць да вас свой зварот. Бог заклікае кожнага чалавека да святасці. Аднак асаблівыя пакліканні на шляху да святасці — гэта святарскія і манаскія пакліканні, бо яны не толькі служаць уласнаму асвячэнню, але і з’яўляюцца дарам Божай любові для ўсёй супольнасці Божага народа, для ўсіх нас. Касцёл нястомна запрашае ўсіх далучыцца да клопатаў пра пакліканні да спецыяльнага служэння ў Касцёле. Ён запрашае нас маліцца аб дары пакліканняў, аб мужнасці для тых, каго Бог кліча, аб іх вернасці быць сведкамі Божай праўды і Божай любові — сведкамі Езуса Хрыста, добрага Пастыра. У наступным 2021 годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі будзе адзначаць 30-годдзе адраджэння структур. Гэта цудоўная нагода, каб заўважыць тое добрае, што было супольна здзейснена, а таксама, каб пераасэнсаваць намаганні і вызначыць новыя кірункі дзейнасці. Адным з прыярытэтных накірункаў будзе яшчэ большы клопат пра пакліканні, таму што заўважаецца вялікі недахоп святароў і кансэкраваных асобаў у Беларусі.