- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі! Ужо хутка адыдзе ў гісторыю чарговы год нашага жыцця. Год 2020-ы. Нам вельмі хацелася б, каб разам з ім адышлі ў гісторыю і больш не вярталіся тыя цяжкасці і праблемы, якія ён нам прынёс. Мы молім аб гэтым Бога і спадзяёмся, што нас не пакіне. Таму з вялікай надзеяй сустракаем свята Яго нараджэння - нараджэння Слова, якое “...сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1,14). Менавіта такі адказ дае Бог чалавеку, які церпіць: “...вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28,20). Я з вамі, каб вас умацаваць, каб даць вам сілу, каб разам з вамі ўзяць крыж. Узяць яго ўжо зараз тут, лежучы ў зімнай стайні, захутаным у матчыну хустку, сярод жывёлаў у іх жолабе з сенам. І сярод цемры трываючага змроку Неба абвяшчае нам вялікую радасць! Радасць з таго, што нарадзіўся доўгачаканы Збаўца. Нарадзіўся Той, хто з’яўляецца “Дарогай, Праўдай, і Жыццём” (Ян 14,6). Хто нясе справядлівасць, любоў і прабачэнне. Той, хто пазней скажа пра сябе: “Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця” (Ян 8, 12). Нарэшце, Той, хто прыйшоў, каб зруйнаваць “мур варожасці” (Эф 2,14), які падзяляе людзей. Таму нябесныя хоры анёлаў заклікаюць пастушкоў, людзей простых і адкрытага сэрца, каб прыйсці і пакланіцца Добраму Пастыру людскіх душаў. Таму зорка вядзе Мудрацоў з усходу, каб сваімі дарамі вызналі веру ў Каралеўскую моц, Святарскую веліч і Людскую годнасць Нованароджанага Валадара.