- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Свята Пасхі мае свой пачатак у гісторыі вызвалення Абранага Богам народа з егіпецкай няволі. Пасха, перажытая Езусам Хрыстом, распачала новую гісторыю – гісторыю вызвалення ўсяго свету з няволі граху і смерці. Гэтая гісторыя праходзіць праз жыццё кожнага з нас і дакранаецца да самай глыбіні душы і сэрца чалавека. На яе можна заплюснуць вочы, але тады мы становімся падобнымі да фараона, які, ігнаруючы папярэджанні Маісея, наклікаў на сябе і свой народ бедствы. Але можна падобна да габрэяў у Егіпце, якія ў Пасхальную ноч пазначылі дзверы сваіх дамоў крывёй ягняці, і нам прыняць удзел у збаўчай Ахвяры Божага Сына, акрапляючы сваё сэрца Крывёю Хрыста і ратуючы сябе такім чынам ад вечнага пакарання. Так дзейнічае Міласэрная Любоў Уваскрослага Збаўцы. Яна ніколі не нараджала рэвалюцый і не прэтэндавала на месца ў палітычным істэблішменце, але заўсёды закладала трывалы падмурак цывілізаванага развіцця чалавецтва. Прынятая як узор да наследавання не толькі адкрывае нам браму ў вечнае жыццё, але перадусім робіць нас здольнымі годна прайсці свой зямны шлях. Сёння мы асаблівым чынам адчуваем патрэбу ў духоўнай сіле і мудрасці, каб пераадолець выпрабаванні, якія апошнім часам выпадаюць на наш лёс.