- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі! “У Ягонае Імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема” (Лк 24,47). Уваскрасенне Езуса Хрыста, якое ў гэты час мы перажываем, не пазначана сёлета ўзнёслай радасцю, якая звычайна спадарожнічае гэтаму святу – галоўнай падзеі, з каторай чэрпае сваю моц і абгрунтаванне хрысціянская вера. Не таму, што яна нібыта перасталабыць праўдай, але таму, што гэтая праўда перастала кранаць людскія сэрцы, мець уплыў на жыццё чалавека і як вынік – не стрымала вайны, што знішчае людское жыццё і нясе разбурэнне. Калісьці Хрыстос сказаў вельмі моцныя словы: “Кажу вам: калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (пар. Лк 13,3). Яны прагучалі ў адказ на паведамленне пра злачынства, здзейсненае Пілатам над групай галілеян. Гэтае моцнае папярэджанне Збаўцы набывае асаблівую актуальнасць сёння. І добра, калі яно стане нагодай не спужацца, але па-сапраўднаму паважна падысці да Евангелля – Добрай Весткі пра тое, як “...палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16). Бо Бог “не хоча смерці грэшніка, але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў” (Эз 33,11).