- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вашы Эксцэленцыі, шаноўныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія пілігрымы, браты і сёстры ў Хрысце! Пагадзіцеся, што гэтыя радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, як ніколі, сёння асаблівым чынам можна аднесці да Будслава. Бо “родны кут” – гэта месца, дзе цябе заўсёды чакаюць з любоўю. Гэта месца, асабліва прасякнутае бацькоўскім клопатам пра сваіх дзяцей. Месца, дзе чалавек “адпачывае душою”, дзе загойваюцца духоўныя раны і дзе аднаўляюцца сілы, патрэбныя для жыцця і для таго, каб выкараскацца з нагрувашчаных праблем і цяжкасцей. Тут, у Будслаўскай святыні, заўсёды чакае нас Сэрца нашай Нябеснай Маці, Якая нас любіць, чакае Сэрца, напоўненае клопатам і няспыннай малітвай за кожнага з нас. Тут мы асабліва адчуваем моц Яе ўсемагутнага Матчынага заступніцтва! Як звычайна, мы прыходзім сюды са шматлікімі нашымі просьбамі. Не толькі прыносім Божай Маці свае асабістыя справы, але асаблівым чынам складаем перад Яе Тронам клопат пра лёс нашай краіны і ўсяго свету, які перажывае няпростае выпрабаванне. З вялікай надзеяй просім паратунку ад хвароб – як фізічных, асабліва падчас эпідэміі каранавірусу, так і духоўных, спадзеючыся, што і гэтым разам Яна нас выслухае. Так як выслухоўвала на працягу вякоў малітвы нашых продкаў, каторыя прасілі Яе заступніцтва перад Богам тут, у Будслаўскай святыні.