- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэта алтар быў пабудаваны дзесяць гадоў таму, калі адбылася каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Таму сёлета ў Віцебскай дыяцэзіі адзначаецца двайны юбілей: дваццацігоддзе ўтварэння дыяцэзіі і дзесяцігоддзе каранацыі абраза Маці Божай. Галоўная Імша распачалася аб адзінаццатай гадзіне ўрачыстай працэсіяй з касцёла да палявога алтара. У галаве працэсіі знаходзілася копія абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. Спачатку ўсіх вернікаў і ганаровых гасцей прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён зачытаў прывітальнае слова Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра, які не змог асабіста ўдзельнічаць у свяце. Потым іерарх павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з трыццацігоддзем біскупскай сакры. Віцебскі ардынарый папрасіў яго ўзначаліць гэту святую Імшу. “У чарговы раз сталіца азёрнага краю – старажытны Браслаў – напаўняецца вернікамі, сярод якіх шмат пілігрымаў”, – адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў, што Віцебская дыяцэзія самая маладая ў Беларусі, але і самая дынамічная. На пачатку гаміліі іерарх адзначыў поспехі віцебскага Касцёла. Ёсць, між іншым, два выбітныя прадстаўнікі дыяцэзіі: кс. Аляксандр Амяльчэня, які з’яўляецца дырэктарам беларускай секцыі Ватыканскага радыё, і кс. Аляксандр Рагіня, які зараз працуе ў дыпламатычнай місіі Святога Пасаду. Далей іерарх засяродзіўся на тэме сям’і і тых пагрозах, якія нясе ёй сучасны свет.