- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй ва ўсёй Беларусі ўжо другі год не праводзяцца арганізаваныя пілігрымкі, але ў Браслаў прыйшло пешшу нават некалькі груп з Глыбокага (адзін чалавек, дзве двухасабовыя і чацвёртая – 16 вернікаў), экстрэмальна-пакутная моладзевая група з Удзела, а таксама прыбылі пілігрымы на роварах з Пастаў і Глыбокага. Цікава, што маршруты да Марыі былі розныя, не паўтараліся. Увечары 20 жніўня распачаліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе. Святую Імшу, падчас якой вернікі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамант канфірмацыі, цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. А 23.15 распачалася ўрачыстая працэсія з малітвай на ружанцы па вуліцах Браслава з копіяй абраза Маці Божай Валадаркі азёраў. Па вяртанні апоўначы св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім перад цудатворным абразом маліліся біскуп Казімір Велікаселец, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый МінскаМагілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Кульмінацыяй урачыстасці 21 жніўня стала галоўная Імша, якая прайшла на палявым алтары перад касцёлам.