- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Шмат хто з нашых землякоў змагаўся з нацыстамі не толькі на ўсходнім фронце, але і на Захадзе. Доўгі час пра іх або наогул не ўспаміналі, або лічылі здраднікамі. Шмат хто з іх пацярпеў ад савецкай улады, калі вярнуўся на родную зямлю. Але настаў час аднавіць гістарычную справядлівасць – годна ўшанаваць памяць змагароў. Менавіта гэтым і кіраваліся нашчадкі ветэранаў Арміі Андэрса з Мёршчыны Аляксандр Рынкевіч, Павел Лутохін і Арцём Сухойда, чые дзяды і прадзеды ваявалі на заходнім фронце і ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касіна. Ідэя ўшанаваць памяць сваіх продкаў узнікла ў іх колькі гадоў таму. Каб яе ажыццявіць, спатрэбілася шмат працы: трэба было сабраць матэрыялы, напісаць навуковае абгрунтаванне, атрымаць усе дазволы, знайсці грошы… – Ідэя з’явілася пяць гадоў таму. Мы пазнаёміліся з Пашам і Арцёмам. І вось з Божай дапамогай мы гэта зрабілі, у нас атрымалася! Шмат хто нам дапамагаў: хто грашыма, хто проста падтрымкай, хто транспартам, – кажа Аляксандр Рынкевіч, галоўны з ініцыятараў устаноўкі памятнай шыльды. Арцём Сухойда дадае: “На першы погляд, здаецца, што гэта проста. Але намі было затрачана шмат сілаў і энергіі. Трэба было сабраць шмат інфармацыі, дамовіцца з людзьмі, патрэбная была і фінансавая падтрымка. Саша для гэтага практычна ўсе Мёры арганізаваў”. На адкрыцці памятнай шыльды прысутнічалі вернікі, святары, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, польскай дыпламатычнай місіі на чале з Марцінам Вайцяхоўскім.