«Вымярэньне Свабоды» — так называецца кніга, якую склалі творы пераможцаў літаратурнага конкурсу, прымеркаванага да 100-годзьдзя аб’яднаньня «Маладняк». Пагаварылі зь ляўрэаткай конкурсу ў намінацыі «Проза» Кацярынай Дабкене.
«Падзеі 2020-га разьвярнулі маё стаўленьне да моўнага пытаньня на 180 градусаў»
— Гэтай перамогай у конкурсе да 100-годзьдзя літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк» вы, можна сказаць, проста ўварваліся ў беларускую літаратуру. Раскажыце, калі ласка, пра сябе, пра свой творчы шлях. Калі, як і з чаго ўсё пачалося?
— «Творчы шлях» — гучна сказана. Творчае пераасэнсоўваньне жыцьця — мой сродак узаемадзеяньня са сьветам, і ня важна, праз што: чытаньне, назіраньне за навакольлем, размовы зь сябрамі, допісы ў дзёньніку ці ўласна пісьменьніцтва. Быццам гэта заўсёды са мной было.
Менавіта «гуляць у словы» я пачала гадоў зь дзесяці, ня памятаю дакладна. Гэта былі вершы, пераклады паэзіі з ангельскай, нейкія паэмы па матывах мітаў старажытнай Грэцыі і нават няскончаны раман, натхнёны Оскарам Уайлдам і яго «Кентэрвільскім прывідам» — усё ў школьных сшытках. Так сьмешна цяпер. Потым я кідала пісаць, бо адчувала, што дрэнна атрымліваецца, пасьля зноў спрабавала. І так усё жыцьцё. Я да гэтага часу не магу ўцяміць, што маё апавяданьне «прагучала».
— Ваша пераможнае апавяданьне «Аказія ЖЗМВ» напісана добрай беларускай мовай. І імя ў вас пашыранае між Дзьвіною, Дняпром ды Нёманам. І нарадзіліся вы ў старажытным беларускім горадзе. А вось прозьвішча — літоўскае, жывяце ў Польшчы. Пры такім жыцьцяпісным раскладзе ці просты быў выбар мовы творчасьці?
— О, гэта пытаньне, якое мне не дае спакою. Я вырасла ў расейскамоўным асяродзьдзі і ніколі ня чула беларускай мовы, акрамя як на ўроках ды па тэлебачаньні часам. Адпаведна, я заўсёды пісала па-расейску, але падзеі 2020-га разьвярнулі маё стаўленьне да моўнага пытаньня на 180 градусаў. Я запытала сябе: «Што ўва мне беларускага, чаму я лічу сабе беларускай?» Ясна, што мова — не адзінае, што робіць цябе кімсьці. Але для мяне стала важна ўпускаць у сваё творчае жыцьцё беларускую мову. Я патрохі пачала пісаць для сябе хоку па-беларуску, цікавіцца, штосьці самастойна вывучаць. У мяне няма катэгарычнага стаўленьня, папраўдзе, да моваў творчасьці. Чым больш фарбаў у мастака ў палітры, тым багацейшыя ягоныя магчымасьці. Я нават люблю міксаваць мовы. Але для сябе асноўнай мовай твораў я выбрала беларускую. Насамрэч мне прасьцей пісаць па-расейску (ня трэба зьвяртацца да слоўнікаў і даведнікаў). Але я вучуся пісаць па-беларуску, і гэта даволі складаны сьвядомы выбар.
Што тычыцца апавяданьня «Аказія ЖЗМВ», я вельмі ўдзячная Віктару Іванавічу Варанцу, якому даслала твор па-беларуску з просьбай зваротнай сувязі і рэдагаваньня, па мажлівасьці. Мяне вельмі натхніла яго падтрымка і пільная ўвага да майго тэксту. Калі б не ягоныя добрыя словы і слушныя камэнтары, я б, можа, і не адважылася паўдзельнічаць у конкурсе.
«Для мяне мова — сьвядомы выбар, а ня нешта дадзенае»
— А ўвогуле, што для вас беларуская мова? Ці ёсьць яна ня толькі ў мове творчасьці, але і ў вашым штодзённым сямейным, сяброўскім, працоўным жыцьці?
— Для мяне моўнае пытаньне — гэта хутчэй не вылучэньне адной з моваў, а дадаваньне іншых. Як я ўжо казала, для мяне беларуская мова — сьвядомы выбар, а ня нешта дадзенае. Цяпер я быццам сяджу на чатырох зэдліках, бо па працы ў асноўным размаўляю па-ангельску, у польскім асяродзьдзі, дзе цяпер жыву, — па-польску, з мужам і расейскамоўнымі сябрамі — па-расейску, з сынам і беларускамоўнымі сябрамі — па-беларуску. Я спрабую як мага больш чытаць і слухаць кніг па-беларуску. Калі я размаўляю па-беларуску, я адчуваю сябе няўпэўнена, саромеюся памылак, але суцяшаю сябе тым, што трасянка таксама мае права на існаваньне. І чым больш гаварыць, тым лепш будзе атрымлівацца.
— Падзеі апошніх гадоў у Беларусі каляным катком прайшліся па лёсе сучасных літаратараў (і ня толькі, але мы зараз гаворым пра іх). Тыя, хто застаўся ў сваёй краіне, маюць гаючую родную зямлю пад нагамі, але пазбаўленыя свабоды творчасьці. Тыя, хто выехаў, хварэюць на настальгію, якая адбірае творчую энэргію. Які, па-вашаму, тут можа быць выбар? І ці важнае наагул цяпер месца, дзе жыве літаратар?
— На гэтыя пытаньні няма ўнівэрсальнага адказу, на мой погляд. У кожнага свая гісторыя, свой выбар, які насамрэч немажліва, ды і нельга ацэньваць. Хтосьці ня можа бяз роднай зямлі, хтосьці носіць свой дом з сабой. Колькі людзей, столькі і гісторый, і кожны мае рацыю. Мне здаецца, што галоўнае тут — не хлусіць сабе, шчыра расставіць прыярытэты і працаваць так, як атрымліваецца.
«Літаратура — гэта адзін са спосабаў «жыць сябе»
— Літаратура — гэта, як вядома, не пра «што», а «як». У каго зь беларускіх пісьменьнікаў вы вучыліся гэтаму і вучыцеся?
— Доўгі час у маім чытацкім коле калі і былі беларускія творы, то толькі са школьнай праграмы. Ужо значна пазьней я адкрыла для сябе Альгерда Бахарэвіча, Марыю Мартысевіч, Вольгу Гапееву, Андрэя Хадановіча, Насту Кудасаву, Еву Вежнавец і многіх іншых. То цяпер давучваю тое, чаго не давучыла раней. Летась мне вельмі пашанцавала ўзяць удзел у пісьменьніцкай лябараторыі «Расьцяжэньне: Карані\Лісьце», прысьвечанай дэкаляніяльнай і фэміністычнай оптыцы. Гэта быў бясцэнны досьвед узаемадзеяньня з аўтаркамі, уласнай практыкі, аналізу сваёй пісьменьніцкай ідэнтычнасьці празь лекцыі, дыскусіі, слушную зваротную сувязь і цікавыя заданьні.
— Даводзілася чуць, што беларуская літаратура — гэта безнадзейная справа. Наклады кніг мізэрныя, чытачоў на сустрэчах з аўтарамі вобмаль, з творчасьці не пражывеш, але аднекуль вось зноў і зноў зьяўляюцца новыя амбітныя маладыя асобы, якія рашуча ідуць на штурм беларускага літаратурнага Алімпу. Чаму яны так робяць? Чаму вы ступілі на гэты цяжкі і рызыкоўны шлях? Што дае вам упэўненасьці ў ягонай слушнасьці?
— Займацца літаратурай — гэта наагул авантурызм, мне здаецца. Можа, хтосьці і плянуе на гэтым зарабляць грошы, рабіць кар’еру, я ня ведаю. Але штосьці мне падказвае, што ў літаратуру ідуць ня дзеля гэтага. Зноў жа, у кожнага свае прычыны. Для мяне гэта адзін са спосабаў «жыць сябе». Мне падабаецца пісаць, расказваць гісторыі, гэта свайго роду гульня, дыялёг са сьветам (нават калі гэта маналёг і чалавек піша ў стол). Ніякай упэўненасьці ў слушнасьці гэтага шляху ў мяне няма, мне проста падабаецца па ім ісьці, хоць і балюча часамі. Я ўсё роўна пішу, незалежна ад таго, чытае хтосьці мяне ці не. Але я схлушу, калі скажу, што мне зусім усё роўна, ці знойдуць мае творы сваіх чытачоў. І я ніколі не згаджуся, што беларуская літаратура — гэта безнадзейная справа. Ёсьць Беларусь, ёсьць беларусы, ёсьць беларуская літаратура як адметная частка народу, культуры. Я не разумею, як можа быць інакш.