Кава насупраць палацу Шонбрун
2025-03-24 11:55
Чарговы горад на шляху літаратурнага туру Фонда Kamunikat.org і Уладзіміра Арлова - гэта сталіца Аўстрыі, дзе прайшла сустрэча пад загалоўкам «Ад Рагвалода да БНР».Беларуская дыяспара Вены выслухала лекцыю вядомага беларускага пісьменніка і расповед
Яраслава Іванюка пра Беларускую Інтэрнэт Бібліятэку
Kamunikat.org.

«У маім напісаным у далёкім 1990 годзе эсэ “Незалежнасць — гэта…” з нашымі тагачаснымі марамі пра будучую Беларусь ,— гаварыў Уладзімір Арлоў, — ёсць такі пасаж: “Незалежнасць — гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’еце кавы насупраць палацу Шонбрун і ведаеш, што перад вашай вандроўкай ніхто не будзе высвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве габрэем, а таксама, ці быў ты раней за мяжой і калі вярнуўся адтуль ды з якой мэтаю.”

Беларускі пісьменнік дадаў, што ўчора выпіў з сябрамі кавы насупраць згаданага палаца, але цудоўны венскі напой быў з гаркавым прысмакам, бо для бальшыні беларусаў такая магчымасць па-ранейшаму залежыць ад атрымання візы, а зрабіць гэта робіцца ўсё цяжэй».

На думку
Уладзіміра Арлова той прысмак мінуўся падчас вечаровай сустрэчы з аўстрыйскімі беларусамі, калі была і шчырая размова, і дзясяткі аўтографаў, і нават беларускія пірагі.

Прагучала і эсэ пра незалежнасць. Адна слухачка не стрымала слязы.
«Я веру, — кажа Арлоў, — што прыйдзе час, калі гэты твор нарэшце страціць сваю актуальнасць».
У прамове
Яраслава Іванюка, які ўжо чвэрць стагоддзя займаецца найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкай, прагучала спадзяванне, што ў гонар 25-годдзя бібліятэкі Фонд Kamunikat.org выдасць 25 кніг.

«Вось заўтра мы аддаем у друк чарговую кнігу —
“Цнота на потым” Барыса Пятровіча», — дадаў кіраўнік Фонда
Kamunikat.org.