КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў
2026-03-09 08:31
Як паведамляе тэлеграм-канал «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі», КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў
Гаворка пра «Фонд Kamunikat.оrg», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing».
Заснавальнік Фонду Kamunikat.org
Яраслаў Іванюк адзначыў у каментары
«Люстэрку», што
такой «кааліцыі» не існуе ў прыродзе.
—
Цяжка наогул сказаць, як да гэтага ставіцца. Такой рэчы, як кааліцыя друкаваных выдавецтваў, у прынцыпе не існуе. Гэта проста беларускія выдавецтвы, і рэжым хоча прыкрыць магчымасць, каб такога тыпу выданні — незалежныя беларускія кнігі — траплялі ў Беларусь. Бо вядома, што «экстрэмісцкае фарміраванне» — вельмі сур’ёзная адказнасць і наступствы для людзей, якія будуць нават проста ў сябе на паліцы мець такога тыпу кнігі. Мне згадваецца справа «Саюза вызвалення Беларусі» (сфальсіфікаваная палітычна-крымінальная справа неіснуючай арганізацыі, распачатая супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры ў 1930 годзе), калі прышывалі нейкія там справы, распачыналі пераслед за нібыта трацкізм ці нешта такое. Гэта поўны абсурд. Вядома, ад гэтага лягчэй працаваць не стане.
Нагадаем, напрыканцы лютага ў Мінску прайшлі
масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам было затрымана як мінімум 10 чалавек — частку з іх адправілі на «суткі».
Адзначым, што частка з затрыманых дагэтуль знаходзіцца за кратамі.