- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мікола Панькоў уяўляе сабой прыклад клясычнага культурніка. Іх праца менш заўважная, пра іх рэдка згадваюць, нават карыстаючы зь іхнага плёну, імёны падмяняюць абагульненым – выдавец, укладач... Але адчувальны прагал, характэрны, бадай, для любога грамадзтва, ня толькі беларускага й ня толькі на эміграцыі, — гэта менавіта нястача культурнікаў. Героі “Хроніка беларускага жыцьця на чужыне” пераважна эмігранты 1944 г. зь Беларусі, якія абіралі невядомасьць у будучыні замест гарантаванай місы баланды ў савецкім канлягеры. У той час нават праца на зямлі ці элементарнае выжываньне на акупаванай тэрыторыі магло кваліфікавацца як пасобніцтва ворагу. Большасьць падзеяў, апісаных у “Хроніцы”, спачатку адбываліся ў Нямеччыне: сьвяткаваньні, імпрэзы, мэмарандумы. З часам беларускае эмігранцкае жыцьцё зьмясьцілася ў ЗША, Канаду, Аргентыну, Аўстралію, Вялікабрытанію. “Хроніка” выводзіць з нябыту сотні імёнаў беларускіх эмігрантаў. Паказальнік асобаў налічвае больш за 1900 прозьвішчаў. Да Міколы Панькова ніхто не займаўся падрабязным натаваньнем падзеяў беларускай эміграцыі. Ягоная “Хроніка” зьяўляецца базай для вывучэньня гісторыі беларускай эміграцыі.