Хто з перакладчыкаў прэтэндуе на прыз у 1500$?
2020-07-01 11:32
Журы зацвердзіла поўны спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.
На галоўную ўзнагароду прэтэндуюць 43 кнігі, перакладзеныя з 14 моў, сярод якіх шумерская і санскрыт, а таксама фінская і балгарская. Большасць пададзеных кніг перакладзеныя з польскай і шведскай моў.
У прэміяльным працэсе сёлета ўдзельнічаюць 11 выдавецтваў. Лідарам па колькасці намінантаў з’яўляецца выдавецтва “Янушкевіч” — 13 кніг, выдавец Зміцер Колас на другім месцы — 7 кніг, выдавецтва “Коска” намінавала 6 кніг, выдавецтва “Логвінаў” — 5 кніг. Выдавецтвы “Галіяфы”, “Мастацкая літаратура”, “Медысонт”, “Папуры” і “Рэгістр” прадстаўлены 2 кнігамі, “Кнігазбор” і “Звязда” — адной кнігай.
Сёлета журы будзе абіраць трох пераможцаў у трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.
У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: перакладчык, кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, выкладчыца, кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры замежнай літаратуры Ганна Бутырчык, перакладчыца, выкладчыца пісьмовага перакладу Вольга Марозава, філолаг, перакладчык, рэдактар Сяргей Сматрычэнка, перакладчык, журналіст, лаўрэат прэміі Карласа Шэрмана 2019 Сяргей Шупа.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.
“На шчасце, прэмія здолела павялічыць інтарэс перакладчыкаў і выдаўцоў да замежнай літаратуры. І сёння мы маем творы дзясяткаў сусветна вядомых аўтараў у беларускіх перакладах. Гэта не толькі класіка, але і сучасныя пісьменнікі. У параўнанні з першай прэміяй Шэрмана колькасць пададзеных кніг павялічылася ўдвая. Але прэмія без чытачоў — нішто. Таму мы павінны заахвоціць выдаўцоў прасоўваць гэтыя кнігі сучаснымі метадамі, каб кола чытачоў не замыкалася Мінскам, а пра іх даведваліся ўсюды“, — дзеліцца думкамі Сяргей Макарэвіч, прадстаўнік фонду “Вяртанне“.
У 2019 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Антон Францішак Брыль (пераклад паэзіі), Надзея Кандрусевіч (пераклад дзіцячай кнігі) і Сяргей Шупа (пераклад прозы). Раней прэмію атрымлівалі Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні па прэміі можна напісаўшы на konkurs.pierakladau@gmail.com ці звязаўшыся з каардынатаркай +37544 7994047.
Поўны спіс прэміі Карласа Шэрмана 2020
Пераклад прозы
Таццяна Анікеенка, пераклад з балгарскай – Міхаіл Вешым “Англійскі сусед”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
Наталка Бабіна, пераклад з украінскай – Сяргей Жадан “Інтэрнат”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Альгерд Бахарэвіч, пераклад з нямецкай – Грэгар Зандэр “Што было б”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
Галіна Бенкевіч, пераклад з польскай – Сяргей Пясецкi, “Багам ночы роўныя”. Выдавецтва “Рэгістр”, Мінск.
Галіна Бенкевіч, пераклад з польскай – Сяргей Пясецкi, “Каханак Вялiкай Мядзведзiцы”. Выдавецтва “Рэгістр”, Мінск.
Анатоль Брусевіч, пераклад з польскай – Катажына Бонда “Акулярнік”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Павел Касцюкевіч, пераклад з англійскай – Джэром Клапка Джэром “Трое ў чоўне і пёс з імі”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
Якуб Лапатка, пераклад з фінскай – Франс Эміль Сіланпя “Праведная галеча”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Кацярына Маціеўская, пераклад з польскай – Анджэй Сапкоўскі “Вядзьмар. Апошняе жаданне”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Наталля Паваляева, пераклад са шведскай – Іда Ліндэ “Паехаць на поўнач, каб памерці”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марыя Пушкіна, Алена Пятровіч, пераклад з польскай – Яраслаў Гжэндовіч “Гаспадар Ледзянога Саду” (том 1). Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марына Шода, пераклад з польскай – Антоні Лібера “Мадам”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Віктар Шукеловіч, пераклад з польскай – Cяргей Пясецкі “Ніхто дабром не дасць збаўлення”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Роберт ван Гулік “Следства вядзе суддзя Дзі”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Кадзуа Ісігура “Не адпускай мяне”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Пераклад паэзіі
Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Вернэр Аспенстрэм “Літанне”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
Алеся Башарымава, Наталля Паваляева, Ганна Янкута, пераклад са шведскай – Эдыт Сёдэргран “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Святлана Богуш, пераклад са славацкай – Пэтэр Мілчак “Крэўныя браты”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.
Вольга Гапеева, пераклад з нямецкай – Маціяс Гёрыц “Кароткая гісторыя сэрца”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
Ігар Крэбс, Кацярына Маціеўская, Андрэй Стэфановіч, Вольга Франко, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева, Ганна Янкута*, пераклад з англійскай і партугальскай – Фернанду Пэсоа “Выбранае”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Ігар Кулікоў, пераклад з санскрыту – Бгартрыгары “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Ігар Кулікоў, пераклад са стараангельскай – “Стараангельская паэзія”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Уладзь Лянкевіч, Віталь Рыжкоў, Андрэй Хадановіч, пераклад з рускай – Уладзімір Маякоўскі “Паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Алег Мінкін, пераклад з украінскай – Мікола Зэраў “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Андрэй Хадановіч, пераклад з польскай – Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі “Выбранае”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Юля Цімафеева*, пераклад з шумерскай – Энхедуанна “Сакральная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Пераклад дзіцячай кнігі
Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн “Малы і Карлсан, які жыве на даху”. Выдавецтва “Папуры”, Мінск.
Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн “Карлсан прылятае зноў”. Выдавецтва “Папуры”, Мінск.
Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Ульф Старк “Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
Алена Казлова, пераклад з фінскай – Ціма Парвела “Эла і сябры 2”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Мінск.
Надзея Кандрусевіч, пераклад са шведскай – Лена Андэрсан “Мулан і бабуля”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
Надзея Кандрусевіч, пераклад са шведскай – Юя Вісландэр “Мама Му на арэлях”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
Надзея Кандрусевіч, пераклад са шведскай – Роўз Лагеркранц “Маё шчаслівае жыццё”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
Надзея Кандрусевіч, пераклад са шведскай – Сара Лундберг “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
Надзея Кандрусевіч, пераклад са шведскай – Свэн Нурдквіст “Калядны гном для Фіндуса”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
Наста Кудасава, пераклад з рускай – Надзя Бука “Бася і яе чароўны свет”. Выдавецтва “Звязда”, Мінск.
Сяргей Матырка, пераклад з нямецкай – Эрвін Мозэр “Неверагодныя гісторыі на дабранач”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марыя Пушкіна, пераклад з польскай – Раксана Енджэеўска-Врубель “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Алена Пятровіч, пераклад з англійскай – Дж. К. Роўлінг “Гары Потэр і філасофскі камень”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Яўген Салейчук, пераклад з італьянскай – Карла Калодзі “Прыгоды Пінокіа”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
Сымон Цынамон, пераклад з рускай – Ліза Шмідт “Кошык Вожыка”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
Марына Шода, пераклад з польскай – Анджэй Малешка “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
*Творы перакладчыка Лявона Баршчэўскага ў зборніках перакладаў Фернанда Песоа і Энхедуаны не ўдзельнічаюць у конкурсе, таму што Лявон Баршчэўскі з’яўляецца сябрам журы (што дазваляюць пункты 2.2.1 і 6.5 Статута прэміі 2020).