Кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай: Русіфікацыя навалай наступае на беларускую (і не толькі) культуру
2024-11-13 17:13
Размова з кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай пра пісьмо ў шуфлядкі, самацэнзуру і невялікі спіс прэтэндэнтаў на Прэмію Гедройца.
— Пачнём размову з праваабарончага боку, бо сітуацыя такая, што ўмовы вонкавыя надзвычай моцна ўплываюць на працэсы ў сферы культуры. Беларускі ПЭН вядзе адмысловы маніторынг, у якім за дзевяць месяцаў гэтага года зафіксавана 960 выпадкаў парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Калі глядзець на гэтыя лічбы, то ёсць думка, што не да культуры, выжыць бы і захаваць сябе ў бяспецы. Гэта так?
— Безумоўна, людзі думаюць, як захаваць сябе, гэта першасная патрэба. Але пры гэтым шмат для каго культура з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця, тым чыннікам, што забяспечвае якасць жыцця. Плюс трэба памятаць, што Беларусь — краіна, дзе доўгія гады і нават стагоддзі культура была пад ціскам.
Мне здаецца, што ў нас ужо генетычна выпрацавалася, што мы мусім займацца культурай як місіяй, захоўваць, яе перадаваць, вучыцца гэтай культуры, калі людзі паходзяць з рускамоўных, савецкіх сем'яў. Супраціў ціску на культуру стаў часткай нашага жыцця.
Шмат хто, той жа Францішак Багушэвіч гаварыў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат для каго сувязь з культурай ёсць і жывая, шмат хто не мысліць сябе без беларускай культуры і ахвяруе жыццём дзеля яе.
— Ці маглі б вы прывесці выпадкі, што выразна ілюструюць стан спраў?
— Найбольш яскравай будзе сітуацыя, да якой мы прызвычаіліся, але што не з’яўляецца нормай.
Беларуская мова ў нас дзяржаўная мова паводле Канстытуцыі, але разам з тым беларуская мова можа паставіць людзей у дадатковую рызыку.
Мы памятаем, што ў 2020-ым беларускамоўных пазначалі фарбаю, каб катаваць дадаткова. Герб Пагоня — афіцыйны герб Віцебскай вобласці. Але сёння за герб Пагоня ў выглядзе налепкі на тэлефон чалавека могуць затрымаць. Нават тое, што законнае, што ёсць часткаю гарантаваных правоў, сёння можа быць падставаю для затрымання, здзекаў. Канешне, гэта ўсё вызначае нездаровы характар існавання беларускай культуры ў грамадстве, калі культура пераходзіць у стан самацэнзуры ў публічнай прасторы, пераходзіць у андэграўнд і працягвае выжываць там.
І, канешне, русіфікацыя, якая навалай наступае на беларускую і не толькі культуру. Польская, літоўская культуры нацыянальных меншасцяў таксама пакутуюць, іх сферы моцна звужаюцца.
Русіфікацыя, якую мы бачым не толькі як замену рускай мовай, культурай, але гэта і нарытыў «рускага свету», які прыходзіць у Беларусь з прапагандай, апраўданнем вайны, дэзінфармацыяй. І, можа быць, самае важанае — гэта пазбаўленне суб’ектнасці беларускай культуры. Тое, што беларуская культура самабытная, старажытная — наратыў расійскай прапаганды і русіфікацыі гэта ўсё адмаўляе.
— Рэпрэсіі паступова сыходзяць з зоны бачнасці, але яны не спыняюцца. Людзей папросту запалохваюць, што будзе яшчэ горш, калі інфармацыя выйдзе вонкі. Як гэта паўплывае на магчымасць ведаць пра сітуацыю, ды і на людзей, якія ў Беларусі?
— Канешне, мы ўсведамляем гэтую сітуацыю. У 2020-ым годзе большасць інфармацыі мы атрымлівалі з адкрытых крыніц — са СМІ, Тэлеграм-каналаў. Сёння мы выдатна ўсведамляем, што не маем усёй інфармацыі пра рэпрэсіі, яна з’явіцца праз гады, калі людзі будуць выходзіць, будуць мець магчымасць і жаданне пра гэта расказаць. У нас ёсць свае непублічныя крыніцы, але лічбы, якія мы фіксуем, не паказваюць зніжэння колькасці рэпрэсій, і гэта не трывожны званок, а звон. Бо рэальныя лічбы будуць у разы большымі.
— Ці сучасная літаратура, беларуская літаратура, з'яўляецца інструментам распавесці пра краіну сёння? Што вы назіраеце падчас міжнародных кірмашоў, фестываляў?
— Нават калі чалавек выехаў, у яго ёсць знаёмыя, чальцы сям’і ў краіне. Крыніцай інфармацыі з’яўляюцца не толькі творы, якія пішуцца за мяжою. У фестывалях, падзеях удзельнічаюць таксама і людзі з Беларусі.
Шмат што сёння пішацца ў шуфлядку, але і адсутнасць інфармацыі таксама можа быць знакам пра тое, што адбываецца ўнутры краіны. Я маю на ўвазе, што гэта таксама свайго роду сведчанне, паказчык цэнзуры, самацэнзуры, таго, што немагчыма пра нешта голасна сказаць тым, хто ўнутры краіны.
— Які сегмент публічнага выказвання, пра што застаецца для людзей, якія цяпер у Беларусі, пра што яны могуць гаварыць?
— Я б не хацела займаць патарналісцкую пазіцыю і казаць, што там нічога немагчыма сказаць. Думаю, хто мае жаданне, выказваецца. Мы хутчэй гаворым пра «сярэднюю тэмпературу па бальніцы». Мне б не хацелася адсюль, з-за мяжы быць такім голасам. Безумоўна, у пэўным сэнсе я ёсць голасам тых, хто не можа сказаць. Але разам з тым ёсць шмат галасоў, якія мы мусім чуць, слухаць, якія дастаткова суб’ектныя, каб мы не гаварылі за іх. Я б так ухілілася крыху ад адказу, сказаўшы, што проста трэба ўважліва слухаць.
— Хутка адбудзецца ўручэнне Прэміі Гедройца — падзея будзе ва ўсіх беларускіх медыя. Што маглі б сказаць пра прэтэндэнтаў на ўзнагароду? Гэта пытанне, калі прасцей яго сфармуляваць, ці было з каго абіраць?
— Цікавае пытанне, але баюся, я недастаткова кампетэнтная каб на яго адказваць, бо я не член журы, я не была абавязаная чытаць усе кнігі.
Магу сказаць, што ў поўным спісе было чатырнаццаць кніг, гэта вельмі мала. Гэта таксама сведчанне, што і з меркаванняў бяспекі аўтары, выдавецтвы неахвотна намінуюцца, хаця ў на нас ёсць магчымасць ананімнай намінацыі, калі толькі журы ведае твор, аўтара. І магла б быць сітуацыя, што ў публічнай прасторы быў бы ананімны пераможца.
Але ў шорт-лісце чатыры аўтары з Беларусі, двое аўтараў выехалі з краіны. Са сваёй перспектывы арганізатара я магу гаварыць толькі пра малы выбар, але, падзялюся водгукамі журы, што гэта не робіць выбар лёгкім.
Само ўручэнне прэміі адбудзецца 26 лістапада ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці. Гэта знакавае месца, дзе пачыналася польская «Салідарнасць», думаю, гэта месца павінна быць натхненнем для нас, што такія часы ня вечныя, некалі гэта скончыцца і мы будзем жыць у сваёй свабоднай краіне.
У шасцёрку наймацнейшых удзельнікаў і ўдзельніц сёлетняга сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі:
Кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» аўтарства Валянціна Акудовіча, выдавецтва «Логвінаў», 2023.
«Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе “мая краіна”. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам ізноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!» — Валянцін Акудовіч.
Трэцяя кніга «Падарожжаў Свабоды» апавядае пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, — без інтэрпрэтацый.
Кніга «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» аўтарства Евы Вайтоўскай, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў. У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), што выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult (16–25 гадоў), а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры.
Кніга «На прызбе ў Сілічах» аўтарства Марыі Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023.
Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. На вялікі жаль, Марыя Вайцяшонак пачала страчваць зрок. Аднак духоўная і творчая актыўнасць змушаюць яе шукаць новыя магчымасці ўдзелу ў літаратурным працэсе – так з’явіўся блог-дыялог «На прызбе ў Сілічах» сумесна з Аксанай Ёркінай. Марыя нагаворвала па тэлефоне сваё стаўленне да тых ці іншых актуальных і злабадзённых падзей свайго і грамадскага жыцця, задаючы тэму размовы альбо адказваючы на пытанні каляжанкі. Гэтыя тэксты маюць уражлівую мастацкую аснову як у сюжэтным, так і ў моўна-стылістычным плане.
Кніга «Вольнеры. Прадвесце» аўтарства Валера Гапеева, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
Тое, што ты лічыш дробяззю, раптам можа перавярнуць твой свет. І асабліва тады, калі ты гэтую быццам дробязь губляеш… Перад вамі – самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі. Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана… Трое сяброў — і мноства дарог і варыянтаў рэальнасці. Шлях, які выпадае на долю старшакласнікаў з мінскай школы, пачнецца з жадання ўладкаваць свае справы, а закончыцца выбарам падарожжа за гранню, напоўненага прыгодамі, выпрабаваннямі і таямніцамі.
Кніга «Час пустазелля» аўтарства Ганны Янкуты, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
Гэтая кніга — спроба асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гродне і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце.
вх