Купалле на аграсядзібе „Запаведны востраў”
2020-07-07 17:33
На аграсядзібе «Запаведны востраў» прайшло народнае свята, прысвечанае сонцу і росквіту зямлі. «Купалле» на Глыбоччыне ладзіў полацкі гурт «Варган» з захаваннем усіх мясцовых традыцыяў.
Напачатку ўдзельнікі свята прайшліся «купальскім» шэсцем ад вёскі Хралы да вёскі Шо, як было ў гэтай мясцовасці даўней. Адзіным сучасным новаўвядзеннем было тое, што ад аграсядзібы да вёскі Хралы ўдзельнікі дабіраліся на сучасным плыце «Сварожыч», які належыць гаспадару аграсядзібы Алесю Цвірку.
У вёсцы Хралы іх з радасцю і цікавасцю сустрэлі мясцовыя жыхары і дачнікі. Потым асноўныя дзеянні праходзілі на полі ля сядзібы. Удзельнікі свята падзяліліся сваімі ўражаннямі:
– Адусюль прыязджаюць – і з Віцебска, і з Полацка, і з Наваполацка. Прыязджаюць і выступаюць тут, ходзяць па вёсцы і нас вітаюць, мы іх таксама. А часам мы прыйдзем і паўдзельнічаем, спяём.
– Мне падаецца, што тут усё цудоўна, усё прадумана. А крыху не падабаецца з-за таго, што ў мяне вялікі страх перад кляшчамі і вялікай травой.
– Вельмі прыгожыя беларускія строі, асабліва вяночкі.
– Прыехалі з горада Менска, каб паўдзельнічаць у такім прыгожым свяце. Уражанні – адчуванне сваёй радзімы, сваіх каранёў, нешта такога, што дае табе шмат сілаў, каб потым пырхаць цэлы год. Вельмі тут прыгожа, цікава і з душой.
А як кажа кіраўнік гурта «Варган» Вольга Емельянчык, яны і надалей з гуртом і гаспадаром аграсядзібы
«Запаведны востраў» Алесем Цвіркам будуць працягваць падтрымліваць яшчэ жывую традыцыю беларускіх святаў.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя