- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За десяцігоддзі жыцця мне выпадала сустракацца, мець зносіны з многімі выдатнымі людзьмі з ліку літаратараў, пісьменнікаў і паэтаў. Самыя блізкія адносіны склаліся з Нілам Гілевічам, земляком па Лагойшчыне, якую маю права называць сваёй другой радзімай. Пазнаёміўся з ім і блізка сышоўся з першых месяцаў вучобы ў БДУ. Добра помніцца, як ранняй восенню пяцьдзясят першага года выпраўляліся мы ў прыгарадны калгас – дапамагаць выбіраць бульбу. Працавалі добрага паўдня, пасля чаго вярталіся ў вёску, дзе чакаў падрыхтаваны дбайнымі гаспадынямі сытны абед. Вольнага часу хапала, значную частку яго праводзілі ў сельскім клубе, дзе рыхтавалі сваю мастацкую самадзейнасць. На канцэрце незадоўга да ад’езду Ніл прачытаў свой верш, прысвечаны вяскоўцам, асабліва шчырыя радкі адрасаваў жанкам, якія па-мацярынску дбалі пра нас, часовых пастаяльцаў. Там жа, «на бульбе», Ніл Сымонавіч даверліва прызнаўся мне, што да яго болей чым прыхільна ставіцца адна наша аднакурсніца, і спытаў, што я наконт гэтага думаю. Мне заставалася толькі парадавацца за пачутае, што я і выказаў перапоўненаму шчасцем сябру. Закаханай пары нашы аднакурснікі, асабліва дзяўчаты, употай зайздросцілі і верылі, што справа ідзе да шлюбу. Так яно пазней і сталася. Летам пяцьдзясят сёмага года, знаходзячыся на радзіме ў горадзе Беразіно, я атрымаў ад Ніла пісьмо такога прыкладна зместу: бяры, маўляў, лыжку-кружку і прыязджай на наша з Нінай вяселле.