- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Тралейбуса доўга не было. Назапашаная ўнутры трывога станавілася невыноснай, нібы пякотка. Адпіўшы пару глыткоў з пластыкавай бутэлькі, дзяўчына пачала выкрочваць толькі па ёй вядомым маршруце вакол празрыстага навеса прыпынка. «Галоўнае — не спазніцца, галоўнае — не спазніцца, — заглушаючы трывогу, застукала ў скронях. — ...не спазніцца». Вось ён, чортаў рагаты, і, што дзіўна, амаль пусты. Насця ўвайшла ў заднія дзверцы няспешна, прапусціўшы тоўстага дзядзьку з вялікай клецістай сумкай. «Мама з такімі ў Вільню ездзіла, калі чаўночнічала. Дурніца, — пранеслася ў галаве, — пры чым тут сумка? Сумка пры чым?» Тралейбус крануўся. У яе вучнёўскі. Сядаць не хацелася; учапілася ў адпаліраваную трубу, прыціснулася ілбом да вялікага задняга шкла; хваляванне неяк сунялося. Вочы самі па сабе заплюшчыліся. Тое, што з ёй адбылося, здавалася чужым, неяк выпадкова заляцелым у яе жыццё, усё было не з ёй, побач, не яе… З Косцікам яны сустракацца пачалі, можа, дзесьці больш за год таму. Увесну прынялі сумеснае рашэнне, што ў іх каханне, — і першы раз пацалаваліся. Ад тых пацалованак больш было смеху і стуку зубоў. Косця ганарыўся паступленнем у БНТУ на бюджэт, а ёй заставаўся яшчэ цэлы год сумнай і тупой школы. Не, Насця вучылася не дрэнна, за медалём не гналася, але з першага класа трымалася моцнай выдатніцай. На рэпетытараў грошай у сям’і асабліва не было, дапамагалі мамчыны сяброўкі цёткі Вера і Адэля. Адна з фізікай і матэматыкай, другая з англійскай і рускай.