- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З нагоды 80-годдзя Віктара Апанасавіча Казько (нарадзіўся 23 красавіка 1940 года) друкуем ягоныя спавядальныя ўспаміны пра перажытае і кранальныя роздумы пра будучае, «застэнаграфаваныя» з дакументальнага фільма пра пісьменніка «Знакі лёсу» (кінастудыя «Беларусьфільм», студыя «Летапіс») — і сардэчна жадаем нашаму паважанаму аўтару яшчэ шмат шчаслівых старонак на ягоным шляху. Палессе — край паэтаў. Колькі людзей мастацтва адсюль выйшла! І быў час, калі ў Беларусі нашыя далёкія продкі маглі гаварыць з лесам, з дрэвам, з травой, маглі гаварыць з небам. Не толькі ж балоты былі ў нас. У нас была прага ведаў, зліцця з тым жыццём, што было вакол нас. Проста з цягам часу мы пачалі гэта забываць. Пачалі забываць тую містыку, а гэта сёння інакш, як містыкай, не завецца — зліццё з прыродай. Містычнасць ад нас адходзіць. І я думаю, што гэта самае страшнае, што ў нас адбываецца сёння з чалавекам. Таму што чалавек не толькі няўважлівы стаў да прыроды, ён стаў няўважлівы да тых знакаў, якія дае яму прырода. Прырода, вось гэтае наша сённяшняе жыццё, кожны дзень пасылае нам знакі. Нам пасылае нейкія знакі неба, нам пасылае знакі трава, нам пасылае знакі вада, нам дрэва пасылае знакі. І мы сталі глухнуць, мы забываемся на сваю прыроду, мы забываемся глядзець сабе пад ногі. Занёсся, увогуле, занёсся, далёка занёсся чалавек і пачаў жыць глабальна. А ўсё ж сапраўднае жыццё — гэта тут, перад намі: у вадзе, на зямлі, гэта тое, што кружыць вакол нас.