- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Найпершае — гэта радзіма, маці, парог роднае хаты і падворак каля яе, зарослы пругкім румянкам, на які ўпершыню ступілі твае босыя ногі; малады садок у ружовай кіпені цвету, з гудам пчолаў у кронах і жоўтымі цёплымі сонейкамі малачаю ўнізе, каля самага твару. Найпершае — гэта адкрыццё роднага свету, калі, па словах Гуардзіні, «усё яшчэ жыло ў невымоўнай чысціні пачатку». Гэта высокая і непаўторная паэзія пачатку, якая застаецца з чалавекам на ўсё жыццё і прыходзіць як паратунак у самыя безнадзейныя хвіліны дарослага жыцця. Увогуле, як слушна заўважыў Поль Рыкёр: «Чалавек — гэта істота з доўгім дзяцінствам». І дзякуй Богу!.. А першае слова, зразумела, было: «мама».