- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У 1975 годзе часопіс “Юность” змясціў на сваіх старонках артыкул пад назвай “Эксперимент майора Ковалёвой”: начальнік спецшколы для непаўнагадовых правапарушальнікаў Кавалёва ў сваёй навучальна-выхаваўчай установе паставіла справу так, што і выкладчыкі, і выхавацелі вялі работу з выхаванцамі, не павышаючы голасу, без пагроз, без зняваг, нават папрокі і заўвагі – напаўголасу, без адмоўных эмоцый. Словам, са стасункаў былі выключаны праявы агрэсіўнасці. І, калі верыць аўтару артыкула, маральна-псіхалагічны клімат у асяроддзі выхаванцаў (а гэта кантынгент складаны: тут табе і малагадовыя бадзягі, і хуліганы, і рабаўнікі, а здараецца – і забойцы) прыкметна змяніўся да лепшага. Зніклі ўнутраныя канфлікты, нематываваныя ўсплёскі дзіцячай агрэсіі. Ураўнаважанасць стала нормай паводзін. На вялікі жаль, эксперымент так і застаўся эксперыментам, не знайшоўшы водгуку ні ў педагагічных методыках, ні ў цыркулярах дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Мне ж давялося на справе выкарыстоўваць “эфект Кавалёвай” ужо ў стасунках з дарослымі, калі працаваў на пасадзе інспектара міліцыі і выязджаў на сямейныя скандалы. Тыповая сітуацыя: біты посуд на падлозе, зламаныя табурэткі і два чалавекі ў стане непрымірымай варожасці… Са з’яўленнем міліцыі канфлікт успыхвае з новай сілай – кожны з бакоў імкнецца даказаць сваю праўду. Крык, лаянка, пагрозы!