- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
2019 год мне хочацца параўнаць з… ракой, дакладней з невялікай рачулкай Палатой, якая цячэ ў Полацку і каля Сафійскага сабора ўпадае ў Дзвіну. Уявіце сабе: плыве шырокая, павольная, дрымотная рака, і раптам ёй пад бок дае адчувальнага кухталя імклівая, нібы збягае з гор, рэчка. Палата з разгону будзіць сонную Дзвіну, закручвае на яе паверхні віры, у месцы іх сутыкнення нават колер вады змяняецца. Гэткім будзіцелем у чарадзе апошніх залішне спакойных гадоў, якія праходзілі, нібы ў санлівым анабіёзе, бачыцца мне і сыходзячы год. Ён не ўзняў штармавую хвалю ў плыні нашага часу, але заўважна ўзвірыў яе па ўсім рэчышчы, раскатурхаў і пазбавіў балотнага спакою. Згадаем наўскідку, не прэтэндуючы на ўсеахопнасць, тыя падзеі, вакол якіх закручваліся віры грамадскай думкі і паскорваў сваю хаду беларускі час. Падзеяй года, бясспрэчна, стала пахаванне Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 года ў Вільнюсе. Тысячы беларусаў пад бел-чырвонабелымі сцягамі здзейснілі своеасаблівы хадж да сваіх святыняў, як мусульмане ў Мекку (нездарма паэт Уладзімір Жылка сто гадоў таму напісаў: “О Вільня, крывіцкая Мекка, / ці варта прарока ты стрэць?”). І гэта не было чарговай выязной акцыяй апазіцыі – з падвозам удзельнікаў дапамагла Беларуская чыгунка, чые два дадатковыя цягнікі з’явіліся надзіва своечасова. А ўдзел у жалобнай урачыстасці беларускага віцэ-прэм’ера, трэба думаць, канчаткова спыніў у афіцыйных СМІ недарэчныя дыскусіі пра Каліноўскага як “польскага мяцежніка”.