- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сур’ёзная «мужчынская размова» адбылася. Што далей? Канфлікт вакол польскай меншасці ў Беларусі не сціх і пасля рабочага візіту ў Польшчу міністра замежных спраў нашай краіны Сяргея Мартынава. Не паспела, як кажуць, чарніла высахнуць на адзіным прынятым падчас гэтага візіту дакуменце — Дагаворы “Аб прынцыпах малога памежнага руху”, як польскае выданне “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі перадаў праз Сяргея Мартынава неафіцыйны ліст Аляксандру Лукашэнку. І стала зразумела, што сур’ёзная “мужчынская размова”, якую абяцаў Сікорскі Мартынаву напярэдадні сустрэчы, адбылася, а беларуска-польскі канфлікт працягваецца. Ліст, адрасаваны беларускаму кіраўніку, паведамляе “Gazeta Wyborcza, утрымлівае 10 пунктаў, у якіх зацікаўлены Мінск і якія Варшава можа падтрымаць на міжнароднай арэне толькі ў выпадку “павагі Беларусі да правоў польскай меншасці”. У прыватнасці, гаворка ідзе пра чарговыя пазыкі ад МВФ, скасаванне візавых санкцый для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, пачатак у Беларусі часткі праграм “Усходняга партнёрства” і “нават уваход Беларусі на правах паўнавартаснага члена ў Савета Балтыйскіх дзяржаў”.