- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першы момант. Міністр сказаў: «І звярніце ўвагу: сёння ніхто не спрачаецца, што Аляксандр Лукашэнка выйграў выбары. Гаворка ідзе пра тое, ці тая гэта лічба ці не тая гэта лічба». То бок міністр прызнае, што ёсць сумненні ў афіцыйных выніках прэзідэнцкіх выбараў. Дарэчы, сам Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе прызнаў, што, магчыма, губернатары накінулі яму некалькі працэнтаў. Калі тое сапраўды так, то з прававога гледзішча гэта азначае, што прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаваны. І няважна, колькі насамрэч набраў Лукашэнка, «тая гэта лічба ці не тая гэта лічба». Паводле закона, нельга выйграць сфальсіфікаваныя выбары. У такім разе вынікі прэзідэнцкіх выбараў павінны быць адменены, генеральны пракурор абавязаны распачаць крымінальную справу, каб разабрацца, што ж там адбылося. Калі спартсмен злоўлены на выкарыстанні допінгу, то ён здымаецца са спаборніцтваў, дыскваліфікуецца незалежна ад таго, якое месца заняў. Другі момант. Уладзімір Макей прызнаў, што ў адказ на замежны ціск беларускія ўлады знішчаць грамадзянскую супольнасць. Падобнага роду намёкі міністр рабіў і раней. Але цяпер гэта было сказана проста і шчыра, без усялякай маскіроўкі. Прычым двойчы. Гаворачы пра пазіцыю Захаду, Макей адзначыў: «Гэта прывядзе адназначна, скажам, калі далей будзе нагнятацца сітуацыя, да таго, што не будзе той грамадзянскай супольнасці, пра якую так клапоцяцца нашы еўрапейскія партнёры».