- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пачаліся вельмі цікава. Традыцыйна падчас пратакольных здымак палітыкі ў прысутнасці медыяў кажуць банальныя рэчы пра жаданне развіваць двухбаковыя адносіны. І ніколі журналісты не задаюць пытанняў. Звычайна да журналістаў выходзяць пасля перамоў, ладзіцца кароткі брыфінг. І тое далёка не заўсёды. Цяпер традыцыя была радыкальна парушана. Расійскі журналіст раптам насуперак усім пратаколам вырашыў задаць пытанне абодвум кіраўнікам. І тыя, як быццам бы так і належыць, пачалі адказваць. І, вось дзіва, тэлеканал «Россия» даў усё гэта ў эфір. Такая вытанчаная хатняя нарыхтоўка. Пытанні тычыліся дачыненняў з Украінай. Зразумела, гэта быў спланаваны крамлёўскі сцэнарый. Яго сэнс палягае ў тым, каб прымусіць Лукашэнку салідарызавацца з Пуціным у пытанні расійска-ўкраінскіх дачыненняў. І таму не было куды дзявацца. Прыехаўшы у Маскву па чарговыя даброты, апынуўшыся перад тэлекамерамі, ён проста не меў выбару. Лукашэнка падтрымаў прапанову Пуціна, каб Зяленскі сустракаўся з лідарамі «ДНР» і «ЛНР». Паскардзіўся прэзідэнту Расіі на ўкраінскага кіраўніка («Зяленскаму ўжо пара навучыцца канкрэтна дыпламатычна сябе паводзіць, акрамя ўсяго іншага»). А потым западозрыў афіцыйны Кіеў у намеры пахаваць Мінскія пагадненні. Тым самым падтрымаўшы Расію ў яе канфлікце з Украінай. Што і патрабавалася.