- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Курапатах адбылося традыцыйнае памінанне ахвяр сталінізму. Традыцыйнае штомесячнае памінанне ахвяр сталінізму прайшло днямі ва ўрочышчы Курапаты. Каля 30 яго ўдзельнікаў — маладзёжныя актывісты, палітыкі, праваабаронцы і былыя вязні ГУЛАГа — пад бел-чырвона-белым сцягам усклалі да мемарыяльных знакаў кветкі, запалілі лампады, ушанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр бальшавізму, выканалі духоўны гімн “Магутны Божа”. Паводле слоў старшыні аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці “Разам” Вячаслава СІЎЧЫКА, чацвёрты год 29 чысла кожнага месяца дэмакратычная грамадскасць праводзіць у Курапатах акцыі памінання. Палітык нагадаў, што 29 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі знішчаны больш за 100 вядомых прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі. Ён заклікаў беларусаў быць пільнымі і не дапусціць паўтору курапацкай трагедыі. Лідэр міжнароднага маладзёжнага аб’яднання “Маладая Беларусь” (Літва) Дзмітрый КАСПЯРОВІЧ адзначыў, што ў выніку рэалізацыі імперскага плана стварэння савецкай нацыі былі знішчаны каля 1 мільёна беларусаў, астатнія ж — русіфікаваныя і страцілі гістарычную памяць. Паводле яго слоў, аднаўленне і захаванне гэтай памяці — залог прадухілення новых Курапат.