- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Над маім пісьмовым сталом вісіць карціна – партрэт вялікай беларускай патрыёткі Зоські Верас на фоне старога Гродна. Прычым горад выпісаны так мініяцюрна-падрабязна, што лёгка пазнаюцца дзясяткі гістарычных будынкаў – ад падмытай Нёманам Каложы да Фары Вітаўта, узарванай у хрушчоўскія часы. Такое ўражанне, што мастак месцамі маляваў не пэндзлем, а адной-адзінай валасінкай ад пэндзля!Думаецца, Зосьцы Верас, якую пры жыцці пісалі Пётра Сергіевіч і Аляксей Марачкін, Вячка Целеш і Яўген Кулік, «гродзенскі» партрэт спадабаўся б асабліва – і гістарычнасцю сваёй, і падабенствам. Падабаецца ён і мне. Аўтар партрэта – Алесь Пушкін, які амаль два месяцы знаходзіцца за кратамі. Ён быў арыштаваны проста на рыштаваннях Белрэстаўрацыі, зняты адтуль сілавікамі. У іх, як мы ведаем, рукі доўгія – і да пасажырскага самалёта на вышыні дзесяць кіламетраў могуць пры патрэбе дацягнуцца. Прычынай арышту мастака стаў партрэт Аўгена Жыхара – чалавека, які пасля Другой сусветнай вайны вёў збройнае змаганне з савецкай уладай на Пастаўшчыне. Я прыглядаўся да таго партрэта і злева, і справа, стараючыся зразумець, у чым віна Пушкіна. На партрэце – паясная выява дзецюка з аўтаматам на грудзях (з савецкім ППШ), лозунгаў там ніякіх няма.