- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
10 студзеня Павел Севярынец выйшаў на волю пасля адбыцця 15 сутак адміністрацыйнага пакарання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Самае цікавае, што ў гэты ж дзень ён атрымаў яшчэ 30 сутак арышту за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці, а да гэтага двойчы быў аштрафаваны на вялікую суму. – “Суткі” выпісалі, але, як бачыце, пакінулі на волі, – кажа Павел севярынец. – Гэта азначае, што забраць могуць у любы момант. І ніхто не ведае, калі гэта адбудзецца. – Чым займаліся пасля выхаду з ізалятара? – Вырашаю тэрміновыя справы, пакуль не пасадзілі зноў. Трэба разабрацца са сваёй кнігай, падзякаваць усім, хто мяне падтрымліваў, і нават зараз працягвае гэта рабіць. Пабыў з сям’ёй, бо не бачыў жонку і сына больш за два тыдні. Таму зараз у мяне кожная гадзіна і хвіліна ўкамплектаваны. – Вас затрымалі зранку 26 снежня? – Так, акурат ля дома. Амапаўцы пасадзілі ў аўтобус, адвезлі ў Савецкае РУУС, а затым павезлі ўжо ў Фрунзенскі суд. Адтуль і адправілі на Акрэсціна. – у той дзень вы таксама былі са сваім “трывожным чамаданчыкам”? – 15 сутак мне далі яшчэ 18 снежня, і з таго часу чамаданчык быў заўсёды пры мне, бо арыштаваць маглі ў любы момант. Тое самае і зараз, бо 10 студзеня яшчэ накінулі 30 сутак. Я ўжо неяк распавядаў, што ў чамаданчык складваю самае неабходнае, што можа спатрэбіцца ў ізалятары: сродкі гігіены, дзягцярнае мыла, сала і хлеб, Біблію… – было прадчуванне, што могуць адправіць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў да новага года?