- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
18 студзеня суд Лідскага раёна вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да сябра Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, прысудзіўшы яму пяць гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта. Справа Вітольда Ашурка стала працягам маштабнай кампаніі рэпрэсій супраць палітычных апанентаў аўтарытарнай улады, іншадумцаў і дзеячаў грамадзянскай супольнасці. Разам з журналістамі, праваабаронцамі, блогерамі і ўдзельнікамі мірных акцый пратэсту актывісты палітычных партый сталі мішэнню для рэпрэсій ад самага пачатку мінулагодняй выбарчай кампаніі. Лідары і актывісты шэрагу партый рознага ідэалагічнага кірунку знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных прысудаў. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення рэпрэсій. Разам з тым у справе Вітольда Ашурка паўстала акалічнасць, якая можа сведчыць пра надыход новай, яшчэ больш абуральнай і непрымальнай рэпрэсіўнай практыкі. У межах судовага разбору ў якасці аднаго з доказаў узгадвалася пасведчанне, выдадзенае Вітольду Ашурку як сябру Партыі БНФ, згодна з патрабаваннем часткі 10 артыкула 13 Закона “Аб палітычных партыях”. Азначанае сяброўскае пасведчанне было ўзгадана ў прысудзе ў якасці рэчавага доказу. Суд пастанавіў знішчыць сяброўскае пасведчанне сябры Партыі БНФ Вітольда Ашурка.