- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На такую думку наводзяць грамадска-палітычныя падзеі, якія адбываюцца ў нашай роднай Беларусі апошнім часам. І «Народная Воля» імкнецца асвятляць іх аб’ектыўна, не абыходзячы вострыя вуглы перадвыбарнай кампаніі, якая набірае размах. У адрозненне ад дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі наша незалежнае выданне не малюе сітуацыю аднабакова, не ўтойвае факты, якія абураюць сумленных людзей і наштурхоўваюць на сур’ёзны роздум. Хто б мог падумаць, што ў мінулую пятніцу, калі быў апошні дзень збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у многіх гарадах выйдуць на пікеты тысячы людзей! Сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю яны вырашылі выказаць і ў суботу. Нягледзячы на тое, што праваахоўныя органы зладзілі нечуваны хапун, былі затрыманы сотні чалавек, беларускае грамадства засведчыла, што яно чакае не дачакаецца дэмакратычных перамен, тых палітычных і эканамічных рэформ, якія будуць спрыяць пераадоленню негатыўных з’яў ва ўсіх сферах жыцця. «Народная Воля» застаецца вернай свайму галоўнаму прынцыпу – плюралізму. Гэта асабліва важна сёння, калі ўсё гучней і гучней чуваць галасы канкурэнтаў у барацьбе за найвышэйшую і найадказнейшую пасаду ў краіне. Калі тыя ж праўладныя газеты бязмерна цытуюць толькі А.Лукашэнку, «Народная Воля», безумоўна, звяртаючы ўвагу на яго знакавыя выказванні, паралельна друкуе заявы, прамовы, інтэрв’ю яго сапернікаў.