- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Некалькі дзён таму былы работнік ААТ «Гродна Азот», актывіст Арцём Чэрнікаў звярнуўся праз тэлеграм-канал да працоўных калектываў са словамі: «Ад нас залежыць вельмі многае, бо санкцыі, забастоўкі, пратэсты – гэта менавіта тое, што прывядзе нас да перамогі... Неабходна толькі аб’яднацца і зламаць «сінія пальцы» нашымі працоўнымі інструментамі». Як высветлілася, Арцём Чэрнікаў пасля мінулагодніх жнівеньскіх падзей знаходзіцца за мяжой. Праз сацыяльныя сеткі я адшукаў былога азотаўца і пацікавіўся ў яго, як ён уяўляе сабе сённяшнюю сітуацыю на заводах і фабрыках Беларусі. Перш-наперш размова пайшла пра тое, ці існуе ў Гродне нейкае аб’яднанне рабочых, якое ад імя калектываў прадпрыемстваў галосна заявіла б аб канкрэтных патрабаваннях. Паводле слоў Чэрнікава, зараз кожны асобны рабочы ў нейкім сэнсе з’яўляецца падобным аб’яднаннем. Маўляў, кожны можа праявіць салідарнасць з тымі ж палітвязнямі, як і з тымі, хто пайшоў у стачку. – Я хачу нагадаць, што кожны беларус мае канстытуцыйнае права на забастоўку, якое ў хуткім часе будзе ажыццёўлена, – кажа Арцём. – Кожны рабочы ў нашай краіне з’яўляецца ўнікальнай сілай. Гэта тычыцца як людзей з працоўным досведам, так і маладых кваліфікаваных работнікаў.