- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
23 чэрвеня ў Мінску кандыдат гістарычных навук Аляксандр Райчонак паехаў на ровары ў краму Symbal.by, што знаходзіцца на вуліцы Машэрава, 18, каб набыць кнігу Андруся Горвата ў падарунак сябру. Яго затрымаў АМАП. У пратаколах напісалі, што ён удзельнічаў у мітынгу каля крамы, выкрыкваў лозунгі і пры затрыманні аказваў супраціў. Пра тое, што адбылося ўвечары 23 чэрвеня на Машэрава, 18, расказаў Алесь Райчонак: – Я ўжо месяц хацеў з’ездзіць туды па кніжкі, але ўсё адкладаў. Нават не ведаў, што яны зачыняюцца, – тлумачыць гісторык у размове з Радыё Свабода. – Гляджу – стаіць чарга з людзей. Падумаў, што крама невялікая, таму адны выходзяць, іншыя заходзяць. Я пад’ехаў, паставіў ровар, нават прышчапіць не паспеў. Спытаўся, хто апошні, і стаў ціхенька. Паводле слоў Алеся, за 10 метраў ад яго каля машыны адбываўся канфлікт, побач стаяў міліцыянт. Райчонак працягваў чакаць сваёй чаргі, каб зайсці ў краму. – Бачу: едзе аўтазак. Ён праехаў далей да Багдановіча, пачаў разварочвацца, а людзі пачалі імкліва сыходзіць з чаргі. Паколькі я быў упэўнены, што стаяць у чарзе – гэта не парушаць грамадскі парадак, то я нават не падумаў сыходзіць. Тут яны (супрацоўнікі АМАПа) выскачылі і накіраваліся ў падваротню. Некага сталі хапаць, я азірнуўся паглядзець, што адбываецца. Падумаў: можа, гэта неяк звязана з гэтым канфліктам з машынай?