- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Раніцай 8 ліпеня прадстаўнікі сілавых структур прыйшлі ў рэдакцыю незалежнага выдання «Наша Ніва» і дадому да работнікаў медыя. Супрацоўнікі рэдакцыі «НН» перасталі выходзіць на сувязь, у некаторых з іх прайшлі ператрусы. Пасля ператрусаў галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» Ягора Марціновіча і рэдактара выдання Андрэя Скурко павезлі на допыт. Адначасова Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт «Нашай Нівы» «на падставе апавяшчэння Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Прычым доступ да сайта абмежаваны не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Таксама стала вядома пра ператрусы ў рэдакцыях рэгіянальных выданняў «Intex-press» і «Брестская газета» (якія ў апошнія месяцы былі выкінуты з дзяржаўных сістэм распаўсюду і друку), а таксама ў журналіста і рэдактара сайта Orsha.eu. Працягваецца ціск на партал TUT.ВY. Літаральна пазаўчора Эканамічны суд г.Мінска ў закрытым пасяджэнні прызнаў законным рашэнне пазасудовай камісіі аб прызнанні матэрыялаў партала экстрэмісцкімі. 15 супрацоўнікаў TUT.ВY і звязаных з ім арганізацый знаходзяцца за кратамі. Наогул за кратамі ці пад хатнім арыштам сёння ў Беларусі знаходзіцца 25 супрацоўнікаў медыяарганізацый (без уліку работнікаў «НН» і Orsha.eu, лёс якіх пакуль не вядомы).