- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У гэтай выбарчай кампаніі ўжо ёсць свае ахвяры і героі, але я хачу пагаварыць пра тых, хто можа бяздарна змарнаваць сапраўды гістарычны момант. Выбары аказаліся нечакана цяжкімі для ўлады. Народ забурліў. І менавіта ў гэтай сітуацыі традыцыйная апазіцыя, якая шмат гадоў, нібы горкаўскі буравеснік, клікала да палітычнага ўздыму, збольшага ўвогуле выпала з працэсу. Не відаць і не чуваць партыі «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, БСДП (старшыня Ігар Барысаў), КХП – БНФ, Партыі БНФ. Выбачайце, хлушу: апошняя адзначылася днямі эпахальнай акцыяй – падала ў ЦВК скаргу з патрабаваннем адмовіць Аляксандру Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам. Угадайце з трох разоў, ці задаволяць. Правацэнтрысты перасварыліся, як дзеці ў пясочніцы, ды правалілі разрэкламаваныя праймерыз (праўда, спісалі фіяска на «карону»). Пасля чаго Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў зарэгістравалі паасобку свае ініцыятыўныя групы. Але наколькі маральнай справай было збіраць подпісы за вылучэнне гэтых палітыкаў кандыдатамі, калі апрыёры было заяўлена, што далей яны не пойдуць? І ўвогуле якую такую звышзадачу яны вырашылі гэтым вялым, фармальным удзелам у кампаніі? Мікола Статкевіч ва ўсякім разе адразу шчыра заявіў, што хоча вылучыць «кандыдатаў пратэсту» дзеля абуджэння вулічнай актыўнасці (іншая рэч, што яму не далі разгарнуцца).