- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За дваццаць шэсць гадоў знаходжання ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка не толькі не стварыў умоў для фарміравання ў краіне палітычнай інфраструктуры, якая забяспечвала б канкурэнтную, прававую, мірную змену ўлады на аснове дэмакратычных выбараў, але і змарнаваў шанцы краіны на ўстойлівае развіццё эканомікі, культуры, дабрабыту, бяспекі. Гэта ўжо бачыць большасць нашых грамадзян. Таму намаганні Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму скіраваны на ўмацаванне сілавых структур, галоўная мэта якіх – захаванне любым коштам яго ўлады і няспынны пераслед іншадумцаў. Рэжым стварыў машыну беспрэцэдэнтнай і нахабнай фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндумаў, ужывання гвалту. Грамадскую думку рыхтуюць да прыняцця новай Канстытуцыі, якая, не выключана, будзе гарантаваць вечную ўладу сістэмы, падобнай да сённяшняй. Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра “клопат аб незалежнасці”. Але мы лічым, што пад рэальную пагрозу незалежнасць Беларусі паставіла яго ўласная палітыка: адсутнасць рэформ, эканамічны крызіс, аднабаковая ваенна-палітычная арыентацыя на Расію, канфлікт з дэмакратычным светам. Суверэнітэт дзяржавы, відавочна, не можа абапірацца на непрадказальнага дыктатара, на сілавыя структуры, выхаваныя ім у непавазе да ўсяго беларускага. Гарант і абаронца суверэнітэту – свядомы народ.