- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паводле звестак праваабаронцы Паўла Левінава, відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам «Шэры Кот», які адбывае адміністрацыйны арышт, тройчы быў асуджаны завочна паводле ч.3 арт.23.34 КаАП. Хлопец патрапіў у аршанскі ізалятар часовага ўтрымання 26 снежня мінулага года. 9 студзеня яго чакалі пасля 15-суткавага арышту. Але на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд Оршы і Аршанскага раёна пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам – за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» 21 снежня. На наступны дзень, 10 студзеня, яго зноў судзілі – за ўдзел у мінскіх пратэстах 20 снежня. Пастанова суда – трэці арышт на 15 сутак. 13 студзеня Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Мінску 29 снежня. Такім чынам, за кратамі ён мусіць адбыць 60 сутак. Хто ж ён такі? Дзмітрый Казлоў вядзе блог “Шэры Кот”, гэта і ягонае хобі, і работа. Яму 31 год, жыве ў Оршы. Пасля школы паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, але не скончыў яе. Працаваў на авіярамонтным заводзе і льнокамбінаце, але апошнім часам займаецца толькі відэаблогерствам. Вылучаў сваю кандыдатуру падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, “каб дагрукацца да людзей, якія не глядзяць палітычных блогераў у інтэрнэце”. “Упершыню ў палітыку я трапіў, калі выйшаў на “Марш дармаедаў”, – распавядаў Дзмітрый Казлоў svaboda.org.