- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ці заўважылі вы, як дружна высокае начальства стала дзяўбці пра новую Канстытуцыю? Маўляў, гэта найлепшае выйсце з цяперашняга палітычнага крызісу. Насамрэч, я лічу, гэта хітры кручок. Згадайма: пра новы Асноўны закон рэзка загаварыў Аляксандр Лукашэнка, калі 17 жніўня яго пачалі прэсінгаваць рабацягі на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Ён прапанаваў: маўляў, спачатку давайце прымем Канстытуцыю на рэферэндуме, а потым ужо, калі хочаце, зладзім новыя выбары. І ўжо тады гэта выглядала як спроба саскочыць з непрыемнай тэмы, бо рабацягі крычалі: “Сыходзь!” 2 верасня задуму наконт новай Канстытуцыі рэкламаваў у Маскве міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Ідэю падтрымалі ўжо ягоны расійскі калега Сяргей Лаўроў, сам Уладзімір Пуцін. Відавочна, што гэты план пераводу палітычных стрэлак узгоднены з Крамлём, які ў вострым канфлікце між беларускім рэжымам і масай грамадзян адназначна стаў на бок рэжыму. І Мінск, і Крэмль зацікаўлены задушыць беларускую рэвалюцыю. Заўважце, што ні Лукашэнка, ні Макей, ні іншыя важныя чыноўнікі нічога не кажуць ні пра змест меркаванай канстытуцыйнай рэформы, ні пра яе тэрміны, ні пра тое, як хутка могуць адбыцца потым новыя выбары. Гэта толькі ўмацоўвае назіральнікаў у думцы, што беларускае кіраўніцтва проста шукае спосаб выкруціцца з цяперашняй крытычнай для яго сітуацыі.